22 лістапада, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць недапушчальным зноў наступаць на граблі "шакавальнай тэрапіі" 90-х гадоў. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе аб прапановах урада і Нацыянальнага банка па праектах прагнозу, бюджэту і асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі на 2012 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Нам трэба разгледзець пытанні выключнай важнасці, якія самым непасрэдным чынам будуць уплываць на жыццё краіны ў наступным годзе", - адзначыў Прэзідэнт, адкрываючы нараду. Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб размове, якая адбылася на нядаўняй нарадзе па пытаннях распараджэння дзяржаўнай маёмасцю. "Мяне сур'ёзна турбуе тое, што ўрад занадта захапіўся рынкавымі рэформамі і спрабуе, думаю, па недаразуменні змяняць палітыку і праграмныя ўстаноўкі, якія былі прыняты на чацвёртым Усебеларускім народным сходзе", - сказаў беларускі лідар. Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Усе мы пачалі наракаць на ўрад. Але хачу, каб усе, хто сядзіць за гэтым сталом, сталі побач з урадам і ўзялі на сябе долю той крытыкі, якая была яму адрасавана. У нас урад не з'яўляецца нейкім асобным органам, які праводзіць тую палітыку, якая яму заўгодна. Усе мы датычныя да той палітыкі, якая праводзілася і праводзіцца". "Палітыка праводзілася правільная і ў гэтым ключы будзе праводзіцца. Усе асноўныя крытэрыі гэтай палітыкі, асноўныя яе напрамкі намі не проста вызначаны - яны выстраданы. Адступаць ад гэтай палітыкі нікому не дазволена. Вось рамкі, у якіх мы будзем дзейнічаць заўтра, дзейнічаем сёння і дзейнічалі ўчора", - дадаў Прэзідэнт. "Але прапаноўваць тую шакавальную тэрапію, якую яшчэ ў 90-я гады ўсе мы праходзілі, і на чым абпаліліся тады і мы, і нашы суседзі, сёння недапушчальна, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Калі тады ў нейкай меры такая палітыка была даравальная, таму што знаходзіліся пад уплывам рознага роду заходніх фондаў і экспертаў, даверыліся ім, не разумеючы яе рэальных наступстваў, то зараз нельга наступаць на тыя ж граблі".