9 верасня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць непрымальным вылучэнне Міжнародным валютным фондам палітычных патрабаванняў. Аб гэтым ён заявіў сёння, адказваючы на пытанні журналістаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Ведаеце, да чаго дайшлі яны - эканамісты, фінансісты? Яны ад нас патрабуюць вызвалення палітвязняў. Дык якое ж гэта дачыненне мае да МВФ? Якія зняволеныя? Вы ж займаецеся фінансамі, эканомікай", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама дадаў, што з боку МВФ такое патрабаванне вылучалася першым пунктам. "Вось яны і адкрылі сваё аблічча", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускі ўрад і Нацбанк прадставілі стратэгію дзеянняў па стабілізацыі валютнага рынку і аздараўленні фінансавай галіны краіны самастойна. "Гэта не рэкамендацыі МВФ, мы выпрацавалі гэты план самі. Там, дзе ён супадае з рэкамендацыямі МВФ, - ну так выдатна, за што нас папракаць?" - адзначыў кіраўнік дзяржавы. "У нас ёсць план, па некаторых пытаннях ён супадае з рэкамендацыямі МВФ, значыць, гэта трэба МВФ адзначаць і дапамагаць, калі хочуць. Калі не - хай нам мазгі не пудраць. Не хочуць дапамагаць - скажыце, што не хочаце", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу на той парадокс, што з аднаго боку ад яго патрабуюць вызвалення палітвязняў, а з другога боку гавораць аб незалежнасці судовай сістэмы. "Якая ж тут незалежнасць, калі вы ад мяне патрабуеце ўлезці ў судовыя пытанні і прымаць рашэнні? - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Усё гэта балбатня, размовы". Прэзідэнт Беларусі лічыць, што Захаду яшчэ трэба самому павучыцца дэмакратыі. "Ніякай дэмакратыі там няма. Ім яшчэ трэба вучыцца дэмакратыі ў Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Якая можа быць дэмакратыя, калі яны разбамбілі цэлую краіну - Лівію? - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Па іх падліках, загінула больш за 100 тыс. людзей. Чаго ўлезлі ў чужую краіну? Аб якой дэмакратыі можа ісці гаворка?" "Калі яны карыстаюцца момантам, калі ў нас складанасці на валютным рынку, яны спрабуюць нас задушыць, гэта што, дэмакратыя?" - дадаў Прэзідэнт. "Усе сёння адчулі пах крыві. Думаюць, раз беларусы на калені сталі, трэба іх дабіць, забраць прадпрыемствы, народ падпарадкаваць, валюту нейкую там замежную ўвесці і так далей. Не атрымаецца, гэтага не будзе", - падкрэсліў Прэзідэнт.