26 кастрычніка, Бараўляны /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць раннюю дыягностыку найважнейшым напрамкам у развіцці анкалагічнай дапамогі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, наведваючы РНПЦ дзіцячай анкалогіі і гематалогіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Навошта хваробу заводзіць у тупік, каб потым адтуль выграбвацца", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да дырэктара РНПЦ Вольгі Алейнікавай. Ён падкрэсліў, што, дзе неабходна, у гэтым пытанні трэба "напружваць уладу", каб стварыць умовы для абследавання і ранняй дыягностыкі анкалагічных захворванняў, у першую чаргу ў дзяцей. "Дзеці паміраць не павінны, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта наша галоўная задача, і тут мы павінны зрабіць усё - ні грошай не пашкадаваць, ні будаўніцтваў. Дзеці - гэта пытанне нумар адзін". Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў Вольгі Алейнікавай, што яшчэ неабходна зрабіць у краіне для эфектыўнай барацьбы з анкалагічнымі захворваннямі. Паводле яе слоў, за апошнія гады ўжо шмат зроблена, і айчынная медыцына ў гэтай сферы ўваходзіць у дзесятку лепшых у Еўропе краін. Адзінае, што неабходна, на думку дырэктара РНПЦ, - гэта набыццё пазітронна-эмісійнага тамографа (ПЭТ), які вельмі важны для ранняй дыягностыкі захворванняў. Кошт гэтага абсталявання складае каля 6 млн. еўра, і такі прыбор патрэбны ўсяго адзін на ўсю рэспубліку. Як было дакладзена Прэзідэнту, плануецца, што ў найбліжэйшай будучыні і гэтая праблема будзе знята. Гаворачы аб поспехах, дасягнутых у Беларусі ў сферы барацьбы з анкалагічнымі захворваннямі ў дзяцей, Вольга Алейнікава адзначыла, што, калі яна прыйшла ў анкалогію больш за 30 гадоў таму, сярэдняя працягласць жыцця дзіцяці хворага на рак складала каля месяца. Цяпер жа амаль 75% дзяцей з гэтай страшнай недугай цалкам вылечваюцца. Дырэктар цэнтра таксама расказала, што неўзабаве побач з РНПЦ плануецца пабудаваць пансіянат на 100 месцаў, дзе будуць пражываць бацькі юных пацыентаў. Кіраўнік дзяржавы адобрыў гэту ідэю, падкрэсліўшы, што бацькі павінны мець магчымасць знаходзіцца побач са сваімі дзецьмі. Гаворачы аб развіцці медыцыны ў цэлым і анкалагічнай дапамогі ў прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што грошы трэба лічыць, накіроўваць туды, куды гэта сёння неабходна, фінансуючы першачарговыя праекты.