21 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць магчымым увядзенне ў Еўразійскім саюзе агульнай валюты. Аб гэтым ён заявіў у інтэрв'ю праграме "Весці ў суботу" з Сяргеем Брылёвым тэлеканала "Расія", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік беларускай дзяржавы не выключыў магчымасці стварэння агульнай валюты па аналогіі з еўрапейскай валютнай адзінкай ЭКЮ, якая выкарыстоўвалася ў безнаяўным разліку. "Мы гаварылі якраз аб "ЭКЮ". Мы не гаварылі аб тэнге, беларускім рублі або расійскім. Так, пераходная нейкая валюта", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт лічыць, што непрадуманасць і непралічанасць варыянтаў могуць прывесці да таго, што ў цяперашні час адбываецца ў еўразоне. "Таму ўсё трэба прадумаць. Дом трэба будаваць, пачынаючы з фундамента", - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўжо даўно гаворыць аб неабходнасці пераходу ва ўзаемных разліках на нацыянальную валюту. "Давайце на расійскі рубель. Чаму мы разлічваемся з вамі (Расіяй. - Заўвага БЕЛТА) за энерганосьбіты, за сыравіну ў далярах? Давайце пяройдзем на расійскую валюту, - прапанаваў беларускі лідар. - І сёння ваш Прэзідэнт адназначна гэта падтрымаў. І Назарбаеў кажа, што так, сапраўды, давайце ў нацыянальных валютах будзем гандляваць, і мы менш будзем выкарыстоўваць "амерыканца" ў сваіх разліках".
"Затым чаму б разліковую адзінку не ўвесці, як вы яе назвалі ЭКЮ. Так мы праз гэта можам прыйсці (да агульнай валюты. - Заўвага БЕЛТА), як прыйшлі праз Мытны саюз да ЕЭП, мы, можа, вырулім і на расійскі рубель, калі ён будзе для ўсіх цікавы", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.-0-
БЕЛТА
А. Лукашэнка лічыць магчымым увядзенне ў Еўразійскім саюзе агульнай валюты
21.11.20110 праглядаў