А. Лукашэнка сумняваецца ў мэтазгоднасці некаторых прапанаваных змяненняў у Правілы дарожнага руху
13.9.20100 праглядаў
13 верасня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў сумненні ў мэтазгоднасці шэрагу прапанаваных змяненняў у Правілы дарожнага руху. Пра гэта ішла размова сёння на дакладзе кіраўніку дзяржавы па праекце ўказа "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Правілы дарожнага руху", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, пытанні забеспячэння бяспекі дарожнага руху наўпрост закранаюць правы і законныя інтарэсы практычна ўсяго насельніцтва краіны. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў сувязі з важнасцю гэтых пытанняў яшчэ ў 2005 годзе было прынята рашэнне аб зацвярджэнні Правілаў дарожнага руху на ўзроўні Прэзідэнта. "Чаму гэта было зроблена? Тады было сказана, што Правілы дарожнага руху - сур'ёзная рэч, карэкціраваць іх ці то такому сур'ёзнаму ведамству, як МУС, ці то каму заўгодна, нельга. І пасля пяці гадоў я пераконваюся, што гэта рашэнне было правільным", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Таму, калі мне чарговы раз паступіў праект указа па карэкціроўцы Правілаў дарожнага руху, прачытаўшы яго, я зразумеў, што Міністэрства ўнутраных спраў ці хтосьці яшчэ, хто мае дачыненне да гэтых змяненняў, не тое што цягне коўдру на сябе, але занадта перастараліся", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
На дадзеным этапе МУС прапануе чарговыя папраўкі ў Правілы дарожнага руху. "Але ў мяне ёсць сумненні: ці ўсе прапанаваныя змяненні адпавядаюць грамадскім інтарэсам? Наколькі яны з'яўляюцца своечасовымі, і ці не будзе аб'ектыўных цяжкасцей пры іх прымяненні?", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
На думку Прэзідэнта, не могуць Правілы дарожнага руху мяняцца так часта, як гэта прапануецца. "Значыць, або вы не дапрацоўваеце, не бачыце, што будзе заўтра-паслязаўтра, не можаце прадбачыць гэтага і пачынаеце карэкціраваць гэтыя Правілы ледзь ці не кожны год, або ў нас сапраўды такая ахавая сітуацыя, што трэба, напрыклад, хуткасць дзесьці ў населеным пункце ў цёмны час сутак абмежаваць 50 км у гадзіну замест 60 км у гадзіну. Нібыта гэта вялікая розніца, і гэта нешта зменіць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Насцярожанасць Прэзідэнта выклікалі таксама змены, якія тычацца больш шырокага выкарыстання святлоадбівальных элементаў. "Ведаеце, мяне гэта насцярожваць пачынае, нібыта нейкая фірма ўжо сёння гатова вырабіць гэтыя святлоадбівальныя элементы, і мы кожнаму коню на хвост іх павесім і такім чынам створым дабрабыт гэтай фірме", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Я не дакараю вас у гэтым, але гэта не можа мяне не насцярожваць", - сказаў ён.
Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што з апошняга варыянту праекта ўказа ў адпаведнасці з яго заўвагамі ўрад выключыў названыя нормы. "Але я хацеў бы вярнуцца да разгляду гэтых пытанняў, узважыўшы ўсе "за" і "праціў".
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў сувязі з гэтым на сённяшнюю нараду запрошаны кіраўнікі і спецыялісты, ад якіх ён хацеў бы атрымаць аб'ектыўную інфармацыю па канцэптуальных палажэннях прадстаўленага праекта ўказа з улікам інтарэсаў кіроўцаў і іншых удзельнікаў дарожнага руху.-0-
БЕЛТА