11 мая, Аршанскі раён /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу развіцця вёсак з захаваннем іх самабытнасці. Пра гэта ішла размова сёння падчас наведвання кіраўніком дзяржавы населенага пункта Хімы Аршанскага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў вёсках неабходна ствараць вытворчую базу для занятасці людзей, але пры гэтым не варта ператвараць вёскі ў гарады. "Трэба адраджаць вёску, каб людзям было зручна", - сказаў ён. Населены пункт Хімы размешчаны на мяжы Віцебскай і Магілёўскай абласцей. Усяго тут 43 жылыя сядзібныя дамы, у тым ліку 35 - дачныя. Колькасць насельніцтва складае 10 чалавек, усе - пенсіянеры. Прэзідэнту быў прадстаўлены план па адраджэнні гэтага населенага пункта як аграпрамысловага комплексу з сельскагаспадарчай вытворчасцю. Так, да 2025 года тут прадугледжваецца стварыць вытворчую і сацыяльную сферы, інжынерную інфраструктуру пасёлка. У населеным пункце плануецца пабудаваць цэх па разліве мінеральнай і пітной вады, кандытарскую фабрыку. Прэсная пітная вада складае толькі 3% водных рэсурсаў планеты. Пры гэтым доля лёгкадаступнай прэснай вады - не больш за 2%. У цяперашні час ужо выкарыстана прыкладна 54% усяго даступнага сцёку паверхневых вод. Беларусь мае вялікія перспектывы ў развіцці вытворчасці чыстай пітной вады. Такія разведаныя запасы пітной і мінеральнай вады маюцца і ў раёне пасёлка Хімы. Плануецца, што магутнасць цэха па яе здабычы і разліве складзе 0,44 млн. гекталітраў у год. Кошт інвестыцыйнага праекта ацэньваецца амаль у Br50 млрд. Тут жа плануецца пабудаваць і фабрыку па выпуску кандытарскіх вырабаў, у асноўным па вытворчасці бісквітных рулетаў. Штогадовы аб'ём вытворчасці прадугледжваецца ў памеры 2,7 тыс. т. Гэта дазволіць у поўнай меры задаволіць патрэбу беларускіх пакупнікоў у гэтай прадукцыі, замясціўшы імпартныя аналагі. Кошт інвестпраекта складзе Br40,5 млрд. Чакаецца, што праект цалкам акупіцца праз 5 гадоў. Як адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, завод будзе ўзведзены ўжо да новага года. Акрамя таго, тут будуць пабудаваны жылыя дамы, крама, фельчарска-акушэрскі пункт і пункт бытавога абслугоўвання, кафэ, дзіцячы сад. Аляксандр Лукашэнка адобрыў прадстаўленыя яму праекты, але пры гэтым падкрэсліў, што ні ў якім выпадку нельга гэту вёску ператвараць у горад.