2 снежня, Івацэвіцкі раён /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе большай аддачы ад сельскай гаспадаркі. Аб гэтым ён сёння заявіў падчас рабочай паездкі ў Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Сёння мы маем права напружыць сельскую гаспадарку, каб яна давала большую аддачу", - сказаў Прэзідэнт. Наведваючы адну з малочна-таварных ферм у СПК "Святая Воля", кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прыехаў не проста для таго, каб паглядзець, як добра зрабілі гэту канкрэтную ферму. "Мы ў сельскую гаспадарку ўклалі дастаткова сродкаў. Але яна пакуль яшчэ, напэўна, ні ў адзін год не выканала тыя паказчыкі, якія даводзіліся. Вы пастаянна не дацягвалі 1,5-2% да таго, што маглі зрабіць", - канстатаваў Прэзідэнт, прызнаўшы пры гэтым, што дзесьці часам даводзіліся і крыху завышаныя заданні. Разам з тым кіраўнік дзяржавы заўважыў: "8% вы наўрад ці дасце, але 5,5-6% павінны прырастаць кожны год". Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу, каб кожная гаспадарка ў будучым годзе за кошт уласных сродкаў рэканструявала і мадэрнізавала адну ферму пад сучасныя тэхналогіі вытворчасці. "Па краіне гэта прыкладна 1.200-1.300 ферм", - сказаў Прэзідэнт. "Гэта адно з найважнейшых пытанняў і для вас (губернатараў – Заўвага.БЕЛТА) задача на будучы год. Той, хто не выканае гэту задачу, больш губернатарам працаваць не будзе", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён адзначыў, што гаворка не ідзе пра тое, што неабходна зрабіць буйную ферму на 800 або 1.200 галоў буйной рагатай жывёлы. "Зрабіце на 600", - звярнуўся кіраўнік дзяржавы да губернатара Брэсцкай вобласці Канстанціна Сумара. "Спісы павінны быць у мяне на стале. Камітэт дзяржкантролю і памочнікі ўсе гэтыя фермы правераць, каб вы туды не ўнеслі ферму, якая ўжо гатова", - сказаў Прэзідэнт. "Калі мы гэтага не зробім, мы будзем кульгаць яшчэ дзесяць пяцігодак з сельскай гаспадаркай, мадэрнізацыяй ферм", - падкрэсліў беларускі лідар. Кажучы пра рэканструкцыю і мадэрнізацыю ферм, Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ні ў якім разе ў гэтым пытанні нельга спрашчацца. У прыватнасці, як далажыў Канстанцін Сумар, на шэрагу аб'ектаў вядзецца рэканструкцыя са стварэннем малакаправодаў. "Ці не атрымаецца так, што мы таксама як скупы плаціць двойчы, пойдзем на малакаправоды, а потым нам давядзецца іх зносіць праз год-два і будаваць даільныя залы", - засумняваўся кіраўнік дзяржавы.