9 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Горад Мінск павінен развівацца комплексна. Гэтага запатрабаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 студзеня падчас рабочай сустрэчы са старшынёй Мінгарвыканкама Мікалаем Ладуцькам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. У сталіцы нароўні з жылымі аб'ектамі павінны адначасова ўзводзіцца дзіцячыя сады, школы, аб'екты гандлю, а таксама бытавога абслугоўвання і спорту. У прыватнасці, пастаўлена задача прыступіць да будаўніцтва ў горадзе новых фізкультурна-аздараўленчых комплексаў. У канцы года такі аб'ект пачнуць узводзіць у Заводскім раёне сталіцы, падобныя комплексы таксама будуць пабудаваны і ў іншых раёнах. Па словах Мікалая Ладуцькі, у Мінску ў мінулым годзе пабудавана 1 млн кв. м жылля. Такі ж аб'ём трэба будзе ўзвесці ў сталіцы ў 2012 годзе. Кіраўніку дзяржавы даложана аб перспектывах развіцця і рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у Мінску. Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што сталіца Беларусі павінна мець найвышэйшую інвестыцыйную прывабнасць, і для гэтага на дзяржаўным узроўні створаны ўсе неабходныя ўмовы. Цяпер усё залежыць ад дзейнасці мясцовай улады. Прэзідэнт адзначыў пэўную дынаміку ў рэалізацыі шэрагу інвестыцыйных праектаў па забудове Мінска. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў паскорыць ажыццяўленне інвестпраектаў у жылым комплексе "Усходні маяк Мінска", дзелавым цэнтры "Мінск-Сіці", на праспекце Пераможцаў, у раёне Мінскай кальцавой аўтамабільнай дарогі. Мэр горада адзначыў, што ў адпаведнасці з даручэннямі Прэзідэнта ёсць канкрэтны план развіцця сталіцы, і гарадскія ўлады гатовыя да супрацоўніцтва па яго рэалізацыі ў першую чаргу з айчынным бізнесам, а таксама з замежнымі кампаніямі. Пачынаючы з чацвёртага квартала мінулага года назіраецца павелічэнне інвестыцыйнай актыўнасці з боку замежных прадпрыемстваў, кампаній, прыватных інвестараў. Да прыкладу, за тры апошнія месяцы мінулага года заключана больш за 10 інвестыцыйных дагавораў, якія пачнуць практычна рэалізоўвацца ў Мінску ў першым паўгоддзі 2012 года.