17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад рабочай групы, якая займаецца праблемнымі пытаннямі будаўнічай галіны, максімальнай адкрытасці і рэгулярнага асвятлення яе дзейнасці ў сродках масавай інфармацыі. Такі задачу ён паставіў 14 чэрвеня на нарадзе з рабочай групай, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, гэта павінны быць як інфармацыйныя паведамленні, сюжэты, так і інтэрв'ю, прэс-канферэнцыі, ток-шоу, аналітычныя матэрыялы. "Сродкі масавай інфармацыі павінны пастаянна інфармаваць грамадства аб вашай працы, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Нічога не трэба хаваць! У адваротным выпадку эфекту поўнага не будзе".
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што для працы групы павінны быць задзейнічаны ўсе рэсурсы. "У працы групы не павінна быць дробязей. Вы не павінны праходзіць міма любога фактару, недахопу", - папярэдзіў Прэзідэнт.
"Шчыра кажучы, я хацеў, каб усе, хто будзе датычны да працы гэтай камісіі, і тыя, каго вы будзеце кантраляваць, правяраць, вывучаць, і грамадства мяне пачулі, каб потым не казалі, што не ведалі, не гатовыя і так далей. Усе пачулі, аб чым ідзе гаворка, усе разумеюць, што гэта вельмі сур'ёзна", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
"Рашэнні павінны быць жорсткімі, адназначнымі, без цяганіны і лішняй бюракратыі. Выявілі, загадалі - і павінна быць неадкладна выканана на любым узроўні. Калі мы пачнем узгадняць, потым дакладваць, потым рэкамендаваць, мы зацягнем працу камісіі, не прымем рашэнне і не даможамся яе эфектыўнасці. Камісія носіць характар прамога дзеяння", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Хтосьці памыліўся - неадкладна няхай выпраўляе памылку, хтосьці наўмысна нешта зрабіў, але не нанёс значнага ўрону - што ж, адкажа па законе. Таму, хто карумпаваў будаўнічую галіну, хто прынёс найбольшыя недахопы ў гэту галіну, хто займаецца махінацыямі і парушае закон, месца ясна дзе. Туды іх і адпраўляйце. У вас ёсць службовыя асобы, якія забяспечаць вашы рашэнні. Іншага не дадзена, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да членаў рабочай групы. - Трэба своечасова вырашаць праблемы, якія сёння ўжо проста крычаць. І я вельмі спадзяюся, што вы з гэтай задачай справіцеся".-0-