А. Лукашэнка патрабуе навядзення жорсткага парадку для недапушчэння выпадкаў, падобных да выбуху ў метро
6.5.20110 праглядаў
6 мая, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе навядзення жорсткага парадку для недапушчэння ў далейшым выпадкаў, падобных да выбуху ў мінскім метро. Пра гэта ён заявіў 6 мая на нарадзе аб ходзе расследавання абставін выбуху на станцыі "Кастрычніцкая" Мінскага метрапалітэна, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
"Хачу звярнуць увагу ўсіх кіраўнікоў усіх устаноў, арганізацый, заводаў, фабрык: навядзіце парадак! Працоўны час павінен быць аддадзены толькі працы", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
Па словах Прэзідэнта, расследаванні тэрарыстычнага акту і іншых крымінальных спраў паказалі слабыя месцы ў беларускім грамадстве.
"Аналіз сітуацыі на заводзе, дзе працаваў абвінавачаны, сведчыць аб непрыдатнай практыцы бязгаспадарнасці, пратэкцыянізму, абыякавасці, адарванасці кіраўнікоў ад людзей і слабай кадравай і ідэалагічнай працы. Усё гэта ў комплексе і стварае пажыўнае асяроддзе для ўзнікнення і фарміравання асацыяльных поглядаў і ідэй", - лічыць Прэзідэнт.
"Гэта непарадак: пачынаем разбірацца - гэты чалавек мог проста сысці з працы, набраць шарыкі, арматуру і займацца сваімі справамі, у тым ліку выпрабоўваць выбуховыя прыстасаванні ў лясах. І ніхто гэтага не бачыў", - сказаў кіраўнік дзяржавы. "Недысцыплінаванасць і расхлябанасць на прадпрыемствах і ў арганізацыях трэба спыніць", - запатрабаваў Прэзідэнт. "У нас ёсць савецкі вопыт часоў Андропава. Падабаецца камусьці гэта ці не, але прыкладна так мы павінны прымусіць кожнага працаваць", - дадаў ён.
Па словах Прэзідэнта, у грамадстве з'явілася яшчэ адна негатыўная тэндэнцыя. "Працуем з прахалодай, напалову працоўнага часу. Даём палову таго, што павінны даваць, а жыць хочам добра. Так не бывае", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да дзяржсакратара Савета бяспекі Леаніда Мальцава, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Мы дамовіліся: па выпадках бязгаспадарнасці, беспарадку ў бюджэтнай сферы, дзяржаўных структурах, аж да прыватных, рашэнні павінны прымацца імгненна".
"Прымусіце ўсіх працаваць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Каб у чарговы раз мы не хапаліся за галаву і не крычалі, давайце зараз наводзіць парадак у грамадстве".
Па словах Прэзідэнта, папярэднія вынікі праверак паказваюць, што прычыны і ўмовы, якія спрыялі злачынствам, заключаюцца не толькі ў недапрацоўцы праваахоўных органаў. "Ва ўстановах адукацыі і на прадпрыемствах бязладдзя больш, чым трэба. У прыватнасці, у школах выяўляецца маса парушэнняў у арганізацыі выхаваўчага працэсу, пры правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў, звароце боепрыпасаў, хімічных рэактываў. Аб'екты, якія ствараюць пагрозу жыццю і здароўю людзей, размешчаны ў непасрэднай блізкасці ад школ", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што даручыў праверыць усе навучальныя ўстановы, у тым ліку сярэднія школы, а таксама прадпрыемствы.
"Але ёсць і адваротны бок медаля: мне паступае інфармацыя, што некаторыя нашы чыноўнікі спрабуюць закрыць рот людзям. Вось гэтага дапусціць ні ў якім разе нельга", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Чалавек, адпрацаваўшы свой працоўны час, мае права дома ці ў пэўных месцах, як у сапраўднай дэмакратычнай дзяржаве, выказваць сваю кропку гледжання, і ніхто не мае права гэтаму перашкаджаць, падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў выпадку, калі чалавек парушае закон, ён павінен адказваць па ўсёй строгасці. "Калі мы пачнем ціснуць на людзей, вось тады нас не зразумеюць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
На думку Прэзідэнта, у краіне ёсць усё, пачынаючы ад нарматыўнай базы, сучасных электронных тэхналогій і тэлекамунікацыйных сетак і заканчваючы спецыялізаванымі падраздзяленнямі, каб забяспечыць умовы, пры якіх кожны грамадзянін можа быць спакойны за сваё жыццё ў любы час і ў любых сітуацыях. "Гэта значыць, увесь комплекс мер у нас ёсць, нарматыўная база ёсць, так чаму ж і дзе не спрацоўвае ўвесь гэты комплекс?" - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама дадаў, што рашэнні неабходныя не толькі па раскрыцці злачынства, але і стварэнні на практыцы дзейснай сістэмы мер па забеспячэнні бяспекі грамадзян.
Прэзідэнт нагадаў, што выканаўцам выбуху прад'яўлены адпаведныя абвінавачванні, у дачыненні да службовых асоб, дзеянні якіх павінны былі прадухіліць трагедыю, узбуджаны шэраг крымінальных спраў.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння неабходна атрымаць адказы і на іншыя пытанні, звязаныя з гэтым крывавым злачынствам. Але самая галоўная праца, па яго словах, павінна праводзіцца па недапушчэнні такога ў будучыні.Прэзідэнту далажылі аб тым, як прасоўваецца следства і як выконваюцца дадзеныя кіраўніком дзяржавы даручэнні ў сувязі з выбухам у Мінскім метрапалітэне, а таксама іншыя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы.-0-
БЕЛТА