25 красавіка, Круглае /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе навесці парадак у вёсках і на прадпрыемствах. Такую задачу ён паставіў сёння падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, пад'язджаючы да гарадскога пасёлка Круглае, бачыў неўладкаваныя вёскі. "Трэба прымусіць усіх навесці парадак! А то ў вас культура, як у расіян. Тое ж тычыцца і прадпрыемстваў", - сказаў кіраўнік дзяржавы. "Калі насельніцтва не разумее, што трэба наводзіць парадак на сваім участку і не кідаць, як гэта некалі было, за плот на калгаснае поле, калі гэта хтосьці да гэтага часу не разумее, то я сказаў: гэтая вясна - тэрмін, і павінен быць парадак", - сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым ён асабліва звярнуў увагу на тое, што мясцовыя ўлады не павінны ствараць грамадзянам перашкод пры іх працах на асабістых участках, ствараючы розныя прадпісанні. "Не замінаеце людзям наводзіць парадак на зямлі. Не трэба людзям забараняць паліць смецце на сваім падворку. Вызначце дзень, калі хочаце, калі яны могуць гэта рабіць. Усё жыццё людзі палілі ў сябе ў дварах старыя рэчы, галлё - не, МНС забараніла, ходзяць па вёсцы, сочаць, не даюць людзям навесці парадак. Ну што гэта за лухта такая?! Таму па ўсёй краіне не замінаеце людзям", - падкрэсліў Прэзідэнт. Прэзідэнт таксама звярнуў увагу мясцовых улад на прывядзенне ў парадак неперспектыўных вёсак. "Трэба развіваць цэнтральныя сядзібы. Вясковыя хаты трэба прыводзіць у парадак. Тады і дзеці старых пацягнуцца ў вёскі", - сказаў кіраўнік дзяржавы. "У нас не загружаны старшыні райвыканкамаў. Няхай зоймуцца гэтым пытаннем", - даручыў ён.-0-

БЕЛТА