25 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе стварыць эфектыўную сістэму кіравання акцыянернымі таварыствамі з доляй дзяржавы. Пра гэта ішла размова сёння на нарадзе ў Прэзідэнта па пытанні ўдасканалення кіравання дзяржаўнымі акцыямі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Сістэма павінна быць не новай бюракратычнай надбудовай, якая будзе перашкаджаць працы прадпрыемстваў, гэта павінна быць сістэма, якая будзе эфектыўная і прынясе карысць для дзяржавы, перш за ўсё, эканомікі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што пытанні рацыянальнага выкарыстання дзяржаўнай уласнасці заўсёды павінны быць у цэнтры ўвагі органаў улады - як цэнтральных, так і мясцовых. Прэзідэнт падкрэсліў, што ён неаднаразова ставіў задачы перад урадам па павышэнні эфектыўнасці кіравання дзяржаўнымі пакетамі акцый у акцыянерных таварыствах. "Сістэма кіравання дзяржуласнасцю з'яўляецца выніковай толькі ў тым выпадку, калі, па-першае, акцыянерныя таварыствы вырашаюць агульнадзяржаўныя задачы (сканцэнтраваны на забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, харчовай, экалагічнай, інфармацыйнай бяспекі), а не замыкаюцца на вузкакарпаратыўных інтарэсах; па-другое, працуюць прыбыткова, з добрай рэнтабельнасцю; па-трэцяе - мабільна рэагуюць на змяненне кан'юнктуры рынку", - лічыць Прэзідэнт. Ён са шкадаваннем канстатаваў, што, як паказвае практыка, тут у Беларусі нямала праблем. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што склалася нядрэнная практыка праводзіць нарады напярэдадні прыняцця Прэзідэнтам важных рашэнняў па эканамічнай і сацыяльна-палітычнай абстаноўцы і сітуацыі ў краіне. Сёння разглядаецца пытанне аб кіраванні дзяржаўнымі пакетамі акцый і ўдасканаленні сістэмы ўладальніцкага нагляду - маецца адпаведны праект указа.