17 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе мінімізаваць фармалізм у працы ўлады і выключыць у далейшым такую практыку працы, як фарміраванне канцэпцый, праграм і іншых падобных дакументаў па ўжо прапрацаваных напрамках жыццядзейнасці дзяржавы, дзе і без дадатковых папер ясна і зразумела, што і як неабходна рабіць. Усё павінна быць падпарадкавана канкрэтнай працы, рэальным справам, а не паператворчасці. Аб гэтым ён заявіў 17 студзеня на нарадзе па рэспубліканскай праграме "Моладзь Беларусі" на 2011-2015 гады, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. На разгляд Прэзідэнта быў прадстаўлены праект рэспубліканскай праграмы "Моладзь Беларусі" на пяцігодку. Падобныя праграмы прымаліся ў краіне з 1996 года. Прынцыповай асаблівасцю цяперашняй распрацоўшчыкі вызначалі актыўнае уцягванне ў жыццё краіны моладзі, выкарыстоўваючы ў поўнай меры яе патэнцыял - мабільнасць, ініцыятыўнасць, успрымальнасць да новых тэхналогій, інавацый. У праграме на пяцігоддзе прапаноўвалася вырашэнне такіх задач, як патрыятычнае выхаванне моладзі, садзейнічанне ў прафесійнай арыентацыі і працаўладкаванні маладых грамадзян у вольны ад вучобы час, забеспячэнне дзяржаўнай падтрымкі маладых сем'яў, развіццё моладзевых грамадска значных ініцыятыў, фарміраванне здаровага ладу жыцця моладзі, развіццё міжнароднага маладзёжнага супрацоўніцтва і іншых. Аднак Аляксандр Лукашэнка выказаў сумнеў у неабходнасці прыняцця гэтай маладзёжнай праграмы. На думку Прэзідэнта, у краіне ўжо выбудавана сістэма працы з моладдзю, вызначаны фінансавыя сродкі, а таксама тое, хто будзе ў цэнтры і на месцах рэалізоўваць асноўныя напрамкі дзейнасці з моладдзю. "Узнікае пытанне: мы фарміруем гэту праграму чаму? Таму што ў нас нечага не хапае ці мы не ведаем, як ісці ў гэтым напрамку працы з моладдзю, ці мы нешта не вызначылі ў працы з моладдзю, ці ў нас не хапае нейкіх структур, каб з моладдзю працаваць? Ці ж у прынятай на 5 гадоў праграме (сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны) мы канцэптуальна і зместаўна не вызначылі, якім шляхам будзем ісці і як будзем дзейнічаць у дачыненні да моладзі? Па-мойму, гэта чыста рытарычныя пытанні", - сказаў кіраўнік дзяржавы.