25 сакавіка, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Цэнтр цяжару будаўніцтва жылля неабходна пераносіць у рэгіёны, каб выключыць перанасяленне Мінска. Пра гэта заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Мінскай ратушы і азнаямлення з перспектывамі забудовы сталіцы да 2015 года, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Не трэба збіраць у Мінску ўсё насельніцтва Беларусі", - падкрэсліў Прэзідэнт. "Ураду неабходна перанесці цэнтр цяжару будаўніцтва жылля ў рэгіёны. Ва ўсім свеце формула адна: не да працоўнай сілы ідуць працоўныя месцы, а працоўная сіла едзе да працоўных месцаў, а не наадварот. Мы павінны раз'яднаць прадукцыйныя сілы і туды накіроўваць людзей", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што няўхільна павінна выконвацца патрабаванне аб недапушчэнні перанасялення Мінска. У сталіцы, на яго думку, неабходна весці толькі кропкавую забудову. "Усё павінна быць падпарадкавана інтарэсам сталіцы і інтарэсам людзей, якія тут жывуць", - падкрэсліў Прэзідэнт. "Трэба арыентавацца на тое, што ў Мінску не павінна пражываць больш за 1 млн. 800 тыс. чалавек. Мільён восемсот чалавек - і не больш, пакуль мы яшчэ не ўлезлі ў нетры. Бо сёння ўжо ні праехаць ні прайсці па Мінску, заўтра - загазаванасць, пачнуць штурхацца, з усёй рэспублікі збяром у Мінску людзей, і мы перанаселім горад", - сказаў Прэзідэнт. Як далажыў кіраўніку дзяржавы мэр Мінска Мікалай Ладуцька, за апошнія 10 гадоў у Мінск уехала каля 170 тыс. чалавек. У сталіцы пастаянна знаходзіцца каля 2,2-2,3 млн. чалавек, уключаючы студэнтаў. З гэтага года ўведзены абмежаванні па пастаноўцы на чаргу тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Стаць на чаргу могуць грамадзяне, якія пражылі ў сталіцы на працягу апошніх пяці гадоў. Што тычыцца дынамікі прыросту чаргі тых, хто мае патрэбу ў жыллі, то за 2010 год яе папоўнілі каля 20 тыс. чалавек, а ў перыяд з 2006 па 2011 гады - парадку 130 тыс. чалавек. Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб неабходнасці развіцця гарадоў - спадарожнікаў Мінска і арганізацыі там працоўных месцаў.-0-

БЕЛТА