28 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сітуацыя ў органах пагранічнай службы Беларусі далёкая ад жаданай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 27 студзеня на пасяджэнні пашыранай калегіі Дзяржпагранкамітэта па пытаннях аховы дзяржаўнай граніцы Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Адкрываючы пасяджэнне, Прэзідэнт адзначыў, што яго правядзенне не выклікана нейкімі надзвычайнымі абставінамі. "Але сітуацыя ў пагранічным камітэце далёкая ад той, якую я хацеў бы бачыць як кіраўнік дзяржавы", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Нібыта мы і задачы разумеем, то, як іх вырашаць, ёсць каму вырашаць гэтыя задачы і праблемы. Аб многім мы дамаўляліся прынамсі з двума апошнімі кіраўнікамі пагранічнага ведамства, але вельмі шмат задач, якія сёння не вырашаюцца", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым растлумачыў, чым было выклікана прызначэнне генерал-палкоўніка Леаніда Мальцава на пасаду старшыні Дзяржпагранкамітэта. "Гэта звязана не з тым, што, як, можа, некаторыя лічаць, Лукашэнка незадаволены Мальцавым", - сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што некаторы час таму ў яго адбылася сустрэча з кіраўнікамі сілавых ведамстваў і шэрагам іншых службовых асоб. Яна была выклікана чарговым фактам парушэння парадку на граніцы. "І гэта было ўжо праз меру. Я тады Леаніду Сямёнавічу сказаў: яшчэ адно падобнае парушэнне - і або вам, або мне давядзецца ісці ў пагранічныя войскі. Ён кажа: гэта не справа Прэзідэнта, значыць, я пайду. Такое парушэнне было дапушчана з цягам часу, і Леаніду Сямёнавічу давялося выконваць абяцанае. Вось прычына таго, што генерал-палкоўнік Мальцаў быў накіраваны на граніцу для таго, каб, непасрэдна ўзначальваючы гэтае ведамства, выявіць тыя пагрозы, недахопы, якія сёння існуюць, і навесці парадак. Гэта даручэнне Прэзідэнта ён выканае, чаго б яму гэта ні каштавала", - распавёў беларускі лідар.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў пасяджэння, Прэзідэнт дадаў: "А вам да гэтага трэба прывыкнуць, калі вы прыйшлі служыць не проста ў армію, а ў пагранічныя войскі. І не таму, што Прэзідэнт у іх служыў, а таму, што пагранічныя войскі - асаблівыя, яны дзейнічаюць у баявой абстаноўцы. Мы армію рыхтуем на выпадак, калі раптам (не дай бог, вядома). Можа быць, і не будзе такога выпадку. А пагранічныя войскі ўжо выконваюць свае баявыя задачы. У гэтым іх асаблівасць".
"Найважнейшае – вашы недахопы, провалы на апошнім метры нашай зямлі могуць выклікаць велізарныя наступствы для ўсёй краіны", – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як выконваюцца яго даручэнні і развіваюцца органы памежнай службы, якія праблемы яшчэ застаюцца і што трэба зрабіць для іх вырашэння. Ён адзначыў, што год таму пры зацвярджэнні рашэння на ахову дзяржаўнай мяжы Беларусі на 2013 год былі вызначаны асноўныя задачы і канкрэтызаваны напрамкі дзейнасці ў гэтай сферы. Яны ляглі ў аснову распрацаванага праекта закона па пытаннях забеспячэння пагранбяспекі, які ў цяперашні час знаходзіцца ў парламенце.
"Трэба прама сказаць, што не ўсё з намечанага выконваецца ў належнай меры. Нават беглы аналіз паказвае, што памежнаму ведамству да гэтага часу не заўсёды ўдаецца адэкватна рэагаваць як на новыя выклікі ў цэлым, так і на змяненне аператыўнай абстаноўкі на мяжы ў прыватнасці. Усе мы выдатна ведаем, што бяспека дзяржавы пачынаецца менавіта з дзяржаўнай мяжы, – сказаў Прэзідэнт. – Усе павінны разумець, што памежная бяспека не прыходзіць сама сабой, гэта не дар нябёсаў, а вынік карпатлівай паўсядзённай працы многіх структур. Вядома, цэнтральнае месца ў яе арганізацыі адводзіцца органам памежнай службы. Але без зладжаных, скаардынаваных дзеянняў усіх звёнаў сістэмы дзяржаўнага кіравання дамагчыся поспеху немагчыма".
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Дзяржпагранкамітэт з ускладзенымі на яго задачамі ў цэлым спраўляецца. "Аднак сітуацыя, якая складваецца сёння, патрабуе больш актыўнага пошуку і рэалізацыі мер процідзеяння сучасным пагрозам і выклікам", – лічыць беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на шэраг фактараў, якія аказваюць уплыў на працу на мяжы. "Мы гаворым шмат пра чэмпіянат свету, але і не толькі. Мы заўсёды знаходзімся на перадавой і абараняем тут ужо не толькі свае інтарэсы, але і інтарэсы Расіі і Казахстана. Таму што інтэграцыйныя працэсы прывялі да таго, што ў нас утварылася Адзіная эканамічная прастора, – чытай: адзіная эканамічная дзяржава. І вы тут у сутыканні з Захадам і блокам НАТА нясеце адказную службу", – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Старшыня Дзяржпагранкамітэта Леанід Мальцаў далажыў аб выніках аператыўна-службовай дзейнасці органаў пагранічнай службы за 2013-ы і асноўных падыходах да аховы дзяр граніцы ў 2014 годзе. Паводле яго слоў, летась было спынена 22 каналы незаконнай міграцыі, актыўна вялася барацьба з нелегальнай міграцыяй, кантрабандай, незаконным абаротам наркатычных сродкаў і зброі. "Існуючыя планы ўзаемадзеяння з рэспубліканскімі органамі ў цэлым спрыяюць абароне нашых рубяжоў, але абстаноўка пастаянна мяняецца, патрабуецца пастаянна ўдасканальваць наша ўзаемадзеянне. Тады і паказчыкі сумеснай дзейнасці на граніцы могуць быць больш важкімі", - лічыць Леанід Мальцаў.
Органы пагранслужбы ў ахове рубяжоў плануюць больш актыўна выкарыстоўваць сучасныя тэхнічныя сродкі, у тым ліку беспілотныя лятальныя апараты. Акрамя таго, з сёлеташняга года ў некаторых пунктах пропуску ў якасці эксперыменту будзе ўведзена электронная чарга. Калі гэтая практыка сябе апраўдае, то ў далейшым тэхнічная навінка будзе выкарыстоўвацца больш шырока.
Кіраўнік пагранведамства таксама распавёў, што ў цяперашні час рэалізуецца комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да правядзення чэмпіянату свету па хакеі. Выпрацаваны механізм рэалізацыі бязвізавага ўезду заўзятараў, гасцей і ўдзельнікаў чэмпіянату. Пагранічны кантроль у дачыненні да іх будзе ажыццяўляцца па спецыяльна выдзеленых каналах у прыярытэтным парадку. Таксама ім будзе дазволены пазачарговы ўезд у пункты пропуску.
Склад змен пагранічных нарадаў будзе павялічаны, а для вырашэння задач, што ўзнікаюць раптоўна, сфарміраваны рэзерв. У пунктах пропуску будуць знаходзіцца падрыхтаваныя вайскоўцы, якія ведаюць замежныя мовы. Разглядаецца пытанне прыцягнення валанцёраў у якасці перакладчыкаў.
Начальнік Смаргонскай пагранічнай групы Аляксандр Маркевіч распавёў аб перспектывах развіцця сістэмы аховы дзяр граніцы на ўчастку дадзенай групы. Яго асаблівасць заключаецца ў тым, што літоўскі напрамак з'яўляецца адным з найбольш напружаных з прычыны вялікага груза- і пасажырскага патоку. Акрамя таго, дадатковыя абавязкі накладае будаўніцтва атамнай электрастанцыі.
Прапрацоўваюцца меры па павелічэнні прапускной здольнасці асобных пунктаў пропуску. Напрыклад, вырашаецца пытанне пераводу пункта спрошчанага пропуску "Лоша" ў катэгорыю, якая дазваляе прапускаць праз мяжу пусты аўтатранспарт і аўтобусы. Гэта павінна істотна знізіць нагрузку на загружаныя пункты пропуску "Каменны Лог" і "Котлаўка".
Аб развіцці чыгуначных і авіяцыйных пунктаў пропуску праз дзяржмяжу і мерах, якія прымаюцца па падрыхтоўцы аб'ектаў транспартнай інфраструктуры да правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску ў 2014 годзе на пасяджэнні далажыў міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак. Абуладкаванне чыгуначных пунктаў пропуску вядзецца ў адпаведнасці з зацверджанай праграмай да 2020 года, якой у тым ліку прадугледжана развіццё інфраструктуры і паляпшэнне ўмоў для памежнага, мытнага і іншых відаў кантролю, забеспячэння правапарадку. Акрамя гэтага, рэалізуюцца ўласныя планы па падрыхтоўцы аб'ектаў транспартнай інфраструктуры да маючага адбыцца чэмпіянату свету.
Прэзідэнт адзначыў, што транспартнікам неабходна больш актыўна працаваць з памежнікамі ў пунктах пропуску і аказваць ім неабходнае садзейнічанне.
Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама, старшыня абласной пагранічнай камісіі Віктар Сакоўскі распавёў аб выніках рэалізацыі дзяржаўнай пагранічнай палітыкі на прыгранічнай тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Падобныя камісіі створаны і дзейнічаюць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.
Па словах Віктара Сакоўскага, асноўныя намаганні мясцовых органаў улады накіроўваюцца на арганізацыю цеснага ўзаемадзеяння тэрытарыяльных органаў унутраных спраў з органамі пагранслужбы па пытаннях забеспячэння грамадскага парадку на прыгранічнай тэрыторыі. Ствараюцца добраахвотныя дружыны і атрады юных сяброў памежнікаў. Таксама прымаюцца меры па падтрыманні ў працоўным стане наяўных пунктаў спрошчанага пропуску, рамонце дарог, што вядуць да іх. Мясцовае насельніцтва інфармуецца аб правілах паводзін у прыгранічнай зоне і мерах адказнасці за парушэнне пагранічнага заканадаўства.
Аднак Аляксандр Лукашэнка засумняваўся ў эфектыўнасці працы абласных камісій. "Ці не з'яўляецца стварэнне гэтых камісій махровым бюракратызмам або фармалізмам", - адрасаваў кіраўнік дзяржавы пытанне Леаніду Мальцаву.
Старшыня Дзяржпагранкамітэта прызнаў, што многія планы, на жаль, рэалізаваны толькі на паперы, і бюракратызму сапраўды хапае. "Больш таго, калі раней правільным быў лозунг, што мяжу ахоўваў увесь савецкі народ, то зараз у памежных раёнах не ўсе, але многія бачаць у памежніку і мытніку не тых, хто іх ахоўвае, а тых, хто ім заважае рабіць свае справы. І ў гэтых умовах я лічу, што якраз гэтыя памежныя камісіі актыўна павінны весці працу па навядзенні парадку на памежнай тэрыторыі", - сказаў Леанід Мальцаў.
Прэзідэнт падкрэсліў, што фармалізму ў працы падобных камісій быць не павінна. "Нам трэба паглядзець, як гэтыя камісіі працуюць, вывучыць, можа іх дагрузіць, - ва ўяўленні Аляксандра Лукашэнкі. - Можа, наогул ліквідаваць, калі яны не патрэбныя і не працуюць. Але фармалізму тут быць не павінна. Стварылі - патрэбныя - давайце будзем эфектыўна працаваць".
Гаворачы аб органах памежнай службы ў цэлым, Прэзідэнт запатрабаваў прадумаць, як можна аптымізаваць выкарыстоўваныя імі сілы і сродкі. "Усё лішняе з памежнага камітэта, і гэта будзе прыклад для ўсіх ведамстваў, трэба прыбраць. Трэба аптымізавацца. Усе гэтыя абслугоўваючыя калоны, падраздзяленні, воінскія часткі, групы. Усё гэта трэба прыбраць у інтарэсах і на карысць дзяржаўнай мяжы, - лічыць кіраўнік дзяржавы. - Якімі б ні былі беспілотнікі, ніхто памежніка на гэтым апошнім метры зямлі не заменіць. Можа, я занадта кансерватыўны, але мне здаецца, што без яго мяжа закрыта не будзе. Усё астатняе - гэта як дапаможныя сродкі, і трэба паглядзець, ці патрэбныя нам яны".
"Не буду чарговы раз гаварыць аб чэмпіянаце свету. Гэта вельмі важна, але не гэта галоўнае. Чэмпіянат пройдзе, а ўсё, што мы ствараем, павінна працаваць на наш народ і дзяржаву", - дадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама папярэдзіў, што ўслед за Узброенымі Сіламі будзе праведзена праверка і органаў памежнай службы. "Дзесьці позняй вясной ці летам мы вельмі сур'ёзна праверым і памежныя войскі, тое, як ахоўваецца дзяржаўная мяжа. Ужо сёння трэба паглядзець на адпаведны план, як мы рабілі па Узброеных Сілах. Праверым па ўсіх напрамках", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Асобныя даручэнні Прэзідэнт даў наконт прапрацоўкі канкрэтных мер, якія дазволяць умацаваць аўтарытэт краіны ў якасці гаранта стабільнасці і бяспекі на агульных з краінамі Еўрасаюза межах. "Неабходна больш эфектыўна выкарыстоўваць зацікаўленасць ЕС у моцнай мяжы. Таму я яшчэ раз падкрэсліў і паставіў задачы перад Леанідам Сямёнавічам аб тым, каб мы дэманстравалі Еўрасаюзу і ўсёй сусветнай супольнасці, што Беларусь - гэта краіна, якую трэба любіць, шанаваць і паважаць. І на гэтым напрамку мы павінны правесці шэраг мерапрыемстваў. Яны павінны бачыць, што мы змагаемся і з мігрантамі, і з кантрабандай, адлоўліваем радыеактыўныя рэчывы. Трэба дэманстраваць сваю значнасць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - У нас ёсць прафесіяналы, школа, кадры. Давайце грошы, тэхнічныя сродкі - будзем працаваць разам. І шануйце нас, як сваіх партнёраў".
Па выніках пасяджэння калегіі кіраўнік дзяржавы зацвердзіў рашэнне на ахову дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь органамі пагранічнай службы ў 2014 годзе.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)