11 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў Рашэнне на правядзенне дзяржаўнай пагранічнай палітыкі і забеспячэнне пагранічнай бяспекі Беларусі ў 2011 годзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я гатовы выслухаць асноўныя палажэнні, асаблівасці цяперашняй сітуацыі вакол Беларусі і тое, што мы павінны зрабіць не толькі па лініі аховы дзяржграніцы, але і ў цэлым у дзяржаве, каб забяспечыць спакойнае жыццё нашых людзей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Як далажыў кіраўніку дзяржавы старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Ігар Рачкоўскі, на 2011 год сфарміраваны прыярытэтныя задачы і напрамкі развіцця органаў пагранслужбы Беларусі.
Па яго словах, першая задача - гэта ўдасканаленне сістэмы правядзення дзяржаўнай пагранічнай палітыкі. "Рэформы ў нас прайшлі эвалюцыйна, а таму на сённяшні дзень няма патрэбы ў змяненні штатных структур. Ідзе працэс удасканалення і шліфоўкі гэтага механізму", - адзначыў старшыня Дзяржпагранкамітэта.
У якасці другой прыярытэтнай задачы Ігар Рачкоўскі назваў актыўнае процідзеянне арганізаванай злачыннасці ва ўзаемадзеянні з памежнікамі суседніх дзяржаў. Пры гэтым ён адзначыў, што злачыннасць пастаянна ўдасканальваецца, тэхнічна аснашчаецца і набывае новыя формы.
Трэцяя задача - інтэграванае кіраванне аховай мяжы, што прадугледжвае актыўнае ўкараненне сучасных тэхналогій.
Па словах Ігара Рачкоўскага, адным з важных напрамкаў, перш за ўсё для грамадзян Беларусі, з'яўляецца забеспячэнне функцыянавання двухбаковых дагавораў з урадамі Польшчы, Літвы і Латвіі аб малым памежным руху. У гэтым пытанні неабходна забяспечыць, з аднаго боку, спрашчэнне працэдур і камфортнае перасячэнне мяжы, а з другога - гарантаваць пагранічную бяспеку краіны.-0-
БЕЛТА
А. Лукашэнка зацвердзіў Рашэнне на правядзенне дзяржаўнай пагранічнай палітыкі і забеспячэнне пагранічнай бяспекі ў 2011 годзе
11.1.20110 праглядаў