25 мая, Астана /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што Беларусь здолее пераадолець крызісныя з'явы ў эканоміцы. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў сёння на сустрэчы з прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л.М. Гумілёва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Апошні час нам крычаць: вось, у вас там праблемы. Нас жа накрыла другая хваля крызісу. Зноў падаражэлі рэсурсы фактычна ў два разы, якіх у нас няма. І ў нас адразу ад рэальнага сектара не атрымаеш таго аб'ёму валюты, наколькі вырас сыравінны рынак. Вельмі складана і цяжка знайсці адразу вялікую колькасць валюты, каб разлічыцца за ўсё гэта", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
"Так, у нас павялічыўся экспарт, але столькі валюты мы знайсці не можам. Таму зноў узніклі складанасці. І пытанне складаецца ў тым, як выкруціцца з гэтай сітуацыі. Выкруцімся. Калі ёсць жаданне, выйдзем з гэтай сітуацыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама пракаментаваў тэлевізійныя сюжэты, якія былі паказаны ў выпусках навін расійскіх тэлеканалаў у апошнія дні аб эканамічнай сітуацыі ў Беларусі. "Лукашэнка прадасць прадпрыемствы, ім трэба столькі, ім трэба гэта, - ствараюць ажыятаж вакол нашай краіны. Ясна, жадаючы, напэўна, там пажывіцца самім перш за ўсё. У такой сітуацыі мы самі выйдзем з гэтага становішча. Але мы проста так нікому нічога кідаць не будзем", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Што тычыцца сітуацыі на валютным рынку, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Мы спынілі продаж валюты з золатавалютных рэзерваў, а той курс, які ўсталюецца, той і будзе. Мы яго ўчора вызначылі на ўзроўні Br5 тыс. за $1. Няхай адбылася дэвальвацыя нацыянальнай валюты, нічога. Трэба, галоўнае, распарадзіцца гэтым, як трэба, - для экспартаарыентаванай эканомікі гэта вельмі важна".
Прэзідэнт таксама адзначыў, што ён не супраць прыватнай уласнасці, але прыватызацыя не павінна быць абвальнай. "Усе хочуць патанней купіць, а лепш - забясплатна. Мы і зараз не супраць прыватнай уласнасці і падтрымліваем яе, але менавіта тых, хто стварае яе сам. Тая прыватная ўласнасць, якая заснавана на прыватызацыі і дасталася часам забясплатна, яна не цэніцца, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таропіцца знішчаць дзяржпрадпрыемствы ні ў якім разе нельга, тым больш калі яны рэнтабельна працуюць".-0-
БЕЛТА
А. Лукашэнка ўпэўнены, што Беларусь здолее пераадолець крызісныя з'явы ў эканоміцы
25.5.20110 праглядаў