15 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены ў здольнасці беларускай эканомікі забяспечыць у 2012 годзе рост сярэдняй зарплаты да $500 у эквіваленце. У такім ключы кіраўнік дзяржавы выказаўся 15 чэрвеня, прымаючы з дакладам старшыню Праўлення Нацыянальнага банка Надзею Ермакову, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. "Размовы аб тым, што мы не дасягнем у гэтым годзе сярэдняй зарплаты ў эквіваленце $500, пустыя. Пра гэта сведчыць дзейнасць многіх прадпрыемстваў. Да прыкладу, у Мінску сярэдняя зарплата набліжаецца да $500 і будзе больш. Чаму іншыя не могуць? І іншыя павінны", - падкрэсліў Прэзідэнт. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Прыватнікі павінны паставіць для сябе задачу дасягнення ў гэтым годзе сярэдняй зарплаты не ў $500, а пад $700. А на дзяржпрадпрыемствах гэтая лічба павінна перасягнуць мяжу ў $500. Гэта жалезна павінна быць выканана". "Размовы аб тым, што чагосьці для гэтага не хапае, беспадстаўныя. Тады ўзнікае пытанне: чаму сёння амаль усе кіраўнікі, спецыялісты, менеджары прыватных прадпрыемстваў на "Мерседэсах" раз'язджаюць? Што, грошай няма ў фірмы, каб заплаціць людзям нармальную зарплату? Ёсць. Няхай прадаюць "Мерседэсы" і плацяць людзям зарплату", - сказаў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы выказаўся і аб дзяржаўным сектары: "Паглядзіце, якія там выдаткі. Няхай скароцяць да мінімуму сабекошт і на нармальны ўзровень паднімуць заработную плату людзей. Гэта не нейкі там страх перад чымсьці, як некаторыя тут нашы "свядомыя" і жоўтая прэса пішуць. Калі ёсць страх, то толькі за тое, каб сем'і работнікаў нармальна жылі". Прэзідэнт заявіў, што патрабаванне па павелічэнні зарплаты павінна быць няўхільна выканана. "Вядома, гэта асноўная задача для ўрада, але Нацыянальны банк не павінен стаяць убаку", - дадаў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама падкрэсліў, што не менш важным з'яўляецца выкананне пастаўленых задач у галіне будаўніцтва, у тым ліку жыллёвага: "Гэта таксама пытанні не другарадныя". "Праблему грашовага забеспячэння ваенных мы таксама павінны вырашаць, мы тут паціху рухаемся,, мабыць, трэба паскорыцца", - асабліва адзначыў Аляксандр Лукашэнка.-0-

БЕЛТА