А. Лукашэнка ўпэўнены ў выхадзе даходаў насельніцтва на дакрызісны ўзровень
9.2.20120 праглядаў
9 лютага, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены ў выхадзе даходаў насельніцтва на дакрызісны ўзровень. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе аб бягучай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Я сёння акцэнтаваў увагу ўрада, што, вядома ж, нам трэба выходзіць на дакрызісны ўзровень, і ў гэтым сумневаў няма абсалютна - мы выйдзем на гэты дакрызісны ўзровень даходаў насельніцтва".
У той жа час Аляксандр Лукашэнка выказаў занепакоенасць вялікім разрывам у заробках на буйных прадпрыемствах. "Мяне, наадварот, турбуе вялікі разрыў у заработнай плаце на асноўных буйных экспартаарыентаваных прадпрыемствах: ад $800 у сярэднім на Беларускім металургічным заводзе, нафтаперапрацоўчым да $480 на "Кераміне" і г.д. Гэта значыць амаль у два разы на вядучых прадпрыемствах", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Усе гэтыя грошы зароблены. Калі прадпрыемствы спраўляюцца са сваімі планамі развіцця, не толькі спажывання - бог з імі, хай плацяць грошы хоць па тысячы долараў, хоць па дзве. Але калі прадпрыемствы не маюць дастатковай рэнтабельнасці ад сваёй дзейнасці, калі прадпрыемствы сёння сядзяць на крэдытах, то гэта не заработная плата", - адзначыў Прэзідэнт. "Так, трэба павышаць заробкі. У нас невысокія даходы ў цэлым насельніцтва, асабліва ў супрацоўнікаў бюджэтнай сферы. Але гэтыя грошы павінны быць зароблены. Не трэба забываць пра ўрокі нядаўняга фінансавага крызісу", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу таксама на праблему росту цэн, якая патрабуе ўжо цяпер асаблівай увагі. "Нягледзячы на тое, што ўрад адной з галоўных задач ставіць барацьбу з інфляцыяй, па выніках першага месяца 2012 года мы бачым інфляцыю прыкладна ў 2%. Але добра 0,9% рост цэн на алкаголь і тытунь - гэта не так страшна. Калі алкаголь і тытунь хтосьці хоча ўжываць, а дарэчы, узровень па гэтых цэнах у нас ніжэйшы за сярэдні па СНД, гэта не страшна, калі тытунь падаражэў. Такім чынам, у нас 1% фактычна без іх інфляцыя. Гэта нядрэнна", - лічыць кіраўнік дзяржавы. "Але трэба бачыць і тое, што ў нас прыкладна на 2-2,2% падаражэла ў цэлым харчаванне", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён адзначыў прыкметную розніцу цэн у рэгіянальным разрэзе. Так, у Брэсцкай вобласці цэны на малако знізіліся на 0,3%, а ў Гомельскай - узраслі на 5%. Калі бульба ў цэлым па краіне падаражэла на 3,5%, то ў Магілёўскай вобласці - амаль на 6%. "І па іншых пазіцыях мы бачым такі ж разброс. У чым справа?" - звярнуўся Прэзідэнт да прысутных.
"Калі так і далей будуць расці цэны, я баюся, што мы можам не выканаць запланаваны тэмп росту цэн у 19%. Мы паставілі задачу 19-20% інфляцыі, а думаем пра 13-15%, што было б лепш. Таму давайце не будзем выпускаць гэтае пытанне з поля зроку", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што ў мінулым годзе цэны на харчовыя тавары ўзрослі амаль у 2,5 раза, і зарплата за гэты перыяд упала амаль на чвэрць.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што па дынаміцы развіцця ў бліжэйшыя месяцы будзе бачна, наколькі глыбока і прынцыпова ўрадам прааналізавана сітуацыя ў краіне і якія меры выпрацаваны. "Прэм'ер-міністр мне толькі што дакладваў аб тым, што асноўныя вынікі і напрамкі дзейнасці адпавядаюць таму, што мы запланавалі ў мінулым годзе, вынікі нават крыху лепшыя, чым мы спадзяваліся", - сказаў Прэзідэнт.Аляксандр Лукашэнка абазначыў яшчэ адну тэму сённяшняй нарады – вырашэнне бягучых праблем, выкліканых анамальнымі ўмовамі надвор'я. "Гэта пытанні выключна жыццёвыя. Але, як вы разумееце, з пазіцыі простага чалавека яны з'яўляюцца вызначальнымі", – сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён выказаў занепакоенасць тым, як функцыянуюць прамысловыя прадпрыемствы, асабліва ў малых гарадах і пасёлках, працуюць жывёлагадоўчыя фермы, комплексы, як ідзе зімоўка жывёлы, ці забяспечаны дастаўка кармоў і вываз прадукцыі, а таксама як выконваецца даручэнне аб рэканструкцыі малочна-таварных ферм у гаспадарках за ўласныя сродкі. Ён нагадаў, што сёлета павінны быць уведзены ў строй і рэканструяваныя 1,2 тыс. ферм за ўласныя сродкі гаспадарак, што, на думку Прэзідэнта, будзе прарывам у малочнай галіне. Звяртаючыся да губернатараў, Прэзідэнт падкрэсліў, што чакае аб'ектыўных дакладаў аб рэальным стане спраў і тых мерах, якія будуць накіраваны на падтрымку сельскіх і гарадскіх жыхароў.-0-
БЕЛТА