27 снежня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларуская дзяржава зробіць усё магчымае, каб кожнае дзіця было акружана клопатам і любоўю. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на навагоднім дабрачынным свяце для дзяцей, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Усе вы - дзеці адной дружнай сям'і, і Радзіма, як пяшчотная маці, стараецца сагрэць клопатам і любоўю кожнага з вас", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, менавіта гэтай мэце служыць дабрачынная акцыя "Нашы дзеці". Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёлета папрасіў усіх багатых людзей напярэдадні Новага года зрабіць падарункі для дзяцей. Прэзідэнт выказаў удзячнасць усім, хто адгукнуўся на гэту прапанову. Ён расказаў, што ў бліжэйшыя дні будзе сустракацца з тымі дзецьмі, у каго няма бацькоў, хто сустракае свята ў бальнічнай палаце, і дарыць падарункі. "Свята абавязкова прыйдзе да кожнага дзіцяці!" - выказаў упэўненасць кіраўнік дзяржавы. Звяртаючыся да дзяцей, якія сабраліся сёння на галоўнай ёлцы краіны, Прэзідэнт адзначыў, што на свята прыйшлі самыя ініцыятыўныя, спартыўныя, добрыя і адказныя дзеці. "Мы цэлы год чакалі гэтага свята, і, нарэшце, яно наступіла. Мы заўсёды пад Новы год жадаем адзін аднаму шчасця. А шчасце для дарослых - калі вы вясёлыя, смяецеся, усміхаецеся, калі вы здаровыя і вашы вочы свецяцца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт нагадаў аб поспехах дзяцей, якіх яны дасягнулі ў 2011 годзе. "Самае вялікае, што вы прынеслі ў гэты год - гэта вашы поспехі. Беларускія школьнікі заваявалі 23 медалі на міжнародных прадметных алімпіядах. Значыць, вы не забыліся пра тое, што трэба вучыцца. Без вучобы гэтыя поспехі былі б немагчымыя", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што краіна ганарыцца поспехамі Лідзіі Заблоцкай і яе сяброў, якія годна прадставілі краіну на конкурсе дзіцячага "Еўрабачанне-2011". "Да яе і яе сяброў мы ставімся як да пераможцаў", - сказаў Прэзідэнт. Ён таксама адзначыў выступленне Аляксандры Нехай, якая стала лаўрэатам Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу на "Славянскім базары ў Віцебску". Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што будучы год будзе лепшым за цяперашні. Паводле яго слоў, гэта было б добрым падарункам для дарослых і добрым прадвесцем для краіны. Прэзідэнт пажадаў дзецям у дні доўгачаканых канікул не губляць часу дарма, правесці іх весела, але з карысцю для здароўя і розуму.