А. Лукашэнка: у беларускім парламенце новага склікання павінна быць захавана пераемнасць
10.2.20120 праглядаў
10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У беларускім парламенце новага склікання павінна быць захавана пераемнасць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімірам Андрэйчанкам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у Беларусі склалася практыка, калі ў новы склад парламента абіраюцца 20-25% дэпутатаў папярэдняга склікання. "Нам трэба мець у новым парламенце прыкладна чвэрць дэпутатаў старога, каб захаваць пераемнасць. Але гэта сапраўды павінны быць дэпутаты без сучка і задзірынкі ў сваёй рабоце з насельніцтвам, у выбарчых акругах. Людзі ж да іх больш прыдзірліва будуць ставіцца. Таму пераемнасць - гэта вельмі важнае пытанне".
"Па-другое, як бы мы тут не дэмакратызаваліся, як бы мы ні заяўлялі аб тым, што мы далёка стаім ад гэтага працэсу выбараў, я думаю, вам асабіста як старшыні давядзецца ўсё ж такі прымаць удзел у арганізацыі гэтай кампаніі. Можа быць, нават Савету Палаты прадстаўнікоў вызначыць мерапрыемствы ў дапамогу Цэнтральнай выбарчай камісіі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Усё ж такі дэпутаты - гэта прадстаўнікі нашых выбаршчыкаў, і наўрад ці хтосьці прэтэнзіі прад'явіць, калі яны дапамогуць па-чалавечы, дэмакратычна арганізаваць працэс выбараў. Таму тут таксама трэба вызначыцца".
"І, па-трэцяе, раз заканчваецца праца цяперашняга парламента, трэба разам з урадам, перш за ўсё старшыням камісій, савету, вам вызначыць тыя першачарговыя пытанні, якія неабходна вырашыць, каб прыгожа і годна завяршыць гэтае скліканне. Гэта таксама вельмі важна. І шэраг іншых пытанняў, якія могуць стаць перад парламентам у гэтыя апошнія месяцы працы", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама рэкамендаваў дэпутатам, каб яны актыўна папрацавалі з насельніцтвам. "У нас пайшло сур'ёзнае паляпшэнне сітуацыі ў краіне з пункту гледжання эканомікі. Але, як і любы выхад са складанай сітуацыі, гэта адбываецца нераўнамерна. Дзесьці, як я казаў учора на нарадзе, выйшлі на заработную плату і ў $800-900, а дзесьці яшчэ і да $200 не дацягваюць. Нам праз год-паўтары трэба аднавіць дакрызісны ўзровень даходаў насельніцтва, можа, ледзьве і перавысіць яго, каб людзі разумелі, што мы не проста размовамі займаліся ў свой час. Паабяцалі - трэба зрабіць. У гэтым плане хацелася б, каб дэпутаты актывізаваліся, - сказаў Прэзідэнт. - Гэта значыць, трэба людзей падрыхтаваць да парламенцкіх выбараў, і, думаю, дэпутаты, кожны ў сваёй акрузе, павінны гэтым заняцца".
"Трэба з адміністрацыяй, урадам прапрацаваць балючыя, жыватворныя пытанні, з якімі дэпутаты пойдуць да людзей, каб яны кропку гледжання Прэзідэнта змаглі данесці, пагаварыць з людзьмі. Мы павінны атрымаць зваротную сувязь па комплексе пытанняў, якія мы вырашым і павінны вырашаць напярэдадні парламенцкіх выбараў. Як ні круці, гэта экзамен для ўлады. Трэба загадзя вырашыць гэтыя пытанні, каб нас народ менш трэпаў потым на парламенцкіх выбарах і каб потым нашы "свядомыя" з "пятай калоны" ўнутры і асабліва на Захадзе не прад'яўлялі нам прэтэнзіі па складзе будучага парламента", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.
"Я ўпэўнены, што парламент будзе выключна ад народа. Туды балбатуны не трапяць, а прыйдуць людзі, якія гатовыя вырашаць нейкія пытанні. Вам з дэпутатамі трэба вылучыць гэтыя пытанні. Няхай іх будзе пяцьдзесят, семдзесят, сто, але гэта будзе для нас праграма працы да парламенцкіх выбараў. А нейкія пытанні застануцца на потым", - дадаў кіраўнік дзяржавы.
Уладзімір Андрэйчанка распавёў, што дэпутаты ў сваёй працы асноўную ўвагу надаюць пытанням якасці і тэрмінам падрыхтоўкі законапраектаў. За час працы папярэдняй дзевятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу чацвёртага склікання прынята больш за сто законапраектаў. Паспяхова вялася праца беларускіх парламентарыяў і на міжнароднай арэне. Так, у верасні мінулага года парламент Беларусі атрымаў статус назіральніка ў Міжпарламенцкай асамблеі АСЕАН, працягнуліся прадуктыўныя кантакты з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Таксама ў Беларусі праведзена пасяджэнне Савета Парламенцкай асамблеі АДКБ.
Дэпутаты актыўна працавалі ў сваіх выбарчых акругах, вялі прыём грамадзян, разглядалі іх звароты.
Напружаная праца чакае на чарговай, дзясятай, сесіі, якая пачне працу 2 красавіка. На сёння ў камісіях Палаты прадстаўнікоў на разглядзе знаходзяцца больш за 50 законапраектаў, у тым ліку новая рэдакцыя Жыллёвага кодэкса, шэраг законапраектаў эканамічнага характару. Што тычыцца міжнароднай дзейнасці, то ў парламенце вядзецца праца над тым, каб у 2012 годзе атрымаць статус назіральніка ў Парламенцкай канферэнцыі Балтыйскага мора.
Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць больш эфектыўна праводзіць маніторынг прымаемых законапраектаў, часцей сустракацца з выбаршчыкамі, працоўнымі калектывамі. Да распрацоўкі законапраектаў варта больш актыўна прыцягваць навукоўцаў, прадпрымальніцкія структуры, спецыялістаў і кіраўнікоў адпаведнага профілю.
У ходзе сустрэчы сур'ёзная ўвага была ўдзелена пытанню гарманізацыі нацыянальнага заканадаўства з дагаворна-прававой базай Адзінай эканамічнай прасторы. Прэзідэнт таксама адзначыў, што замежныя камандзіроўкі парламенцкіх дэлегацый павінны праходзіць больш прадуктыўна, каб у іх ходзе разглядаліся не толькі пытанні парламенцкай, але і знешнегандлёвай дзейнасці, узнімаліся тэмы развіцця культурных сувязяў, супрацоўніцтва ў галіне аховы здароўя, адукацыі, спорту і турызму.-0-
БЕЛТА