1 кастрычніка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Найважнейшым прыярытэтам у цяперашняй пяцігодцы з'яўляюцца інавацыі. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Высокія званні, ордэны і медалі - годная ацэнка вашай працы, гонар для родных, блізкіх і тых, хто працуе побач з вамі. Вы дамагліся выдатных поспехаў, заслужылі павагу і прызнанне як сапраўдныя прафесіяналы і майстры сваёй справы", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ўзнагароджаных.
Прэзідэнт адзначыў: "Заўтрашні дзень Беларусі ў руках ініцыятыўных і мэтанакіраваных людзей, тых, хто хоча зрабіць жыццё лепш і гатовы прыкласці для гэтага ўсе намаганні. Старанні і плённая праца заўсёды ўзнагароджваюцца. І сённяшняя наша цырымонія - яшчэ адно пацвярджэнне гэтаму".
Сярод узнагароджаных - прадстаўнікі вытворчага сектара. Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў уклад у развіццё айчыннага прыборабудавання адкрытага акцыянернага таварыства "Пеленг", навукова-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства "Атамтех" і адкрытага акцыянернага таварыства "Дысплей". Тут асвоілі выпуск канкурэнтаздольнай навукаёмістай прадукцыі, запатрабаванай не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Гэта прыборы для радыяцыйных вымярэнняў, оптыка-электроннае абсталяванне, авіяцыйныя маніторы.
"У цяперашняй пяцігодцы найважнейшы прыярытэт - інавацыі. Таму асаблівая ўвага прыкавана да вашага пошуку, да рэалізацыі новых ідэй і асваення новых тэхналогій", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў той факт, што ў Беларусі "зрабілі стаўку на эканоміку ведаў, а яна шмат у чым будуецца намаганнямі дальнабачных кіраўнікоў, таленавітых інжынераў, рацыяналізатараў і вынаходнікаў".
У сувязі з гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу на поспехі работнікаў ЗАТ "Салігорскі інстытут праблем рэсурсазберажэння", дзе асвоены выпуск сучаснага горна-здабыўнога абсталявання. У аснову яго вытворчасці пакладзены вынаходствы і самыя перадавыя распрацоўкі, іх укараненне ўжо прыносіць бачны эканамічны эфект.-0-
БЕЛТА
А.Лукашэнка: у цяперашняй пяцігодцы найважнейшы прыярытэт – інавацыі
1.10.20120 праглядаў