10 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Воіны-інтэрнацыяналісты павінны годна прыняць эстафету патрыятычнага выхавання моладзі ад ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 мая на сустрэчы з актывам Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. "Як ні горка казаць, але рады ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны рэдкі. Гэта працэс натуральны. Таму эстафету патрыятычнага выхавання моладзі трэба браць вам", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да прадстаўнікоў Саюза ветэранаў вайны ў Афганістане. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі надаецца велізарнае значэнне развіццю грамадскіх арганізацый, асабліва такіх, як Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане. "Па сутнасці, вы баявы атрад. І хацелася б, каб вы сталі сапраўдным ядром канструктыўных патрыятычных сіл", - сказаў Прэзідэнт. У цяперашні час у Беларусі налічваецца больш за 27 тыс. воінаў-інтэрнацыяналістаў. Звяртаючыся да ветэранаў вайны ў Афганістане, Прэзідэнт адзначыў, што яны карыстаюцца заслужанай павагай у грамадстве. "Менавіта вы з'яўляецеся для нашай моладзі прыкладам мужнасці, самаадданасці і вернасці доўгу. Вам ёсць што сказаць людзям. Вы валодаеце неацэнным вопытам і можаце правільна судзіць аб жыцці", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Падчас сустрэчы Прэзідэнт прапанаваў абмеркаваць тэмы, якія хвалююць афганскі рух і перспектывы развіцця арганізацыі. Адно з пытанняў, якое знаходзілася ў цэнтры ўвагі падчас сустрэчы, - адрасная сацыяльная падтрымка афганцаў. "Вы - актыў грамадскага аб'яднання. І павінны ведаць усе праблемы і канкрэтныя патрэбы членаў вашага саюза. А для таго, каб яны вырашаліся, неабходна больш энергічна ўзаемадзейнічаць, перш за ўсё, з прадстаўнікамі органаў улады на месцах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.