27 снежня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Светлае свята Раства Хрыстова выхоўвае ў людзях глыбокую духоўнасць. Гэта адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 27 снежня на сустрэчы з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскай архіепархіі архіепіскапам Тадэушам Кандрусевічам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. Падобныя сустрэчы Прэзідэнта з кіраўніком Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі ў святочныя калядныя дні ў Архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ўжо сталі традыцыйнымі. "Віншую каталіцкіх святароў і ўвесь беларускі народ з гэтым самым добрым, чыстым і светлым святам. Жадаю здароўя, шчасця ўсім нашым людзям, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Сёлета мы святкуем Раство Хрыстова неяк асабліва. Я адчуваю, і настрой зусім іншы, і вы расказалі мне аб святах, якія адбыліся ў касцёле ў Вілейцы ў сувязі з Раством. Я глядзеў па тэлебачанні, інфармацыю атрымліваў". "Гэта добрае мерапрыемства, на якое збіраюцца не толькі каталікі, але і праваслаўныя, і людзі, свабодныя ад веры. Яно выхоўвае людзей у духу патрыятызму, адданасці свайму народу і духоўнасці. Таму я хацеў бы вас падзякаваць за тое, што вы зрабілі ў гэтыя святочныя дні", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы Тадэушу Кандрусевічу. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архіепархіі ў сваю чаргу сказаў аб станоўчым вопыце супрацоўніцтва Рымска-каталіцкай царквы з Беларускім тэлебачаннем, якое традыцыйна вяло прамую трансляцыю набажэнства на Раство. "Святое Раство - гэта сапраўды добрае мерапрыемства. Мы наладжваем міжнародныя масты паміж рознымі канфесіямі, рэлігіямі", - падкрэсліў Тадэуш Кандрусевіч. Ён падкрэсліў важнасць таго, што ў калядных урачыстасцях у касцёле ў Вілейцы ўдзельнічаў і прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы. Ён таксама адзначыў, што ў Беларусі шмат змешаных шлюбаў, і муж і жонка святкуюць Раство Хрыстова як каталіцкае, так і праваслаўнае. Раство - гэта асаблівае свята для ўсіх. Падчас сустрэчы ў асноўным разглядаліся бягучыя пытанні ўзаемаадносін Рымска-каталіцкай царквы і дзяржавы. Цяпер завяршаецца праца над праектам Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Святым Прастолам. Праект дакумента, у якім беларускі бок улічыў выказаныя пажаданні і заўвагі, цяпер знаходзіцца на разглядзе ў Дзяржаўным сакратарыяце Святога Прастола.