14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі адсутнічаюць міжканфесійныя канфлікты, і краіна можа з'яўляцца ўзорам добрых узаемаадносін розных рэлігій. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 лістапада на сустрэчы са старшынёй Папскага савета па садзейнічанні хрысціянскаму адзінству Куртам Кохам і Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Філарэтам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. "Беларусь з'яўляецца тым месцам, якое можа быць узорам узаемаадносін розных рэлігій. У нас няма ніякіх праблем ні на рэлігійнай глебе, ні на нацыянальнай. Тут мірнае і спакойнае жыццё", - падкрэсліў Прэзідэнт. "Я нават не памятаю выпадку, не тое каб былі нейкія сутычкі на рэлігійнай глебе, але нават спрэчкі па нейкіх пытаннях. Мы заўсёды з гонарам вырашалі пытанні, якія ўзнікалі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Мірнае суіснаванне дзвюх канфесій Аляксандр Лукашэнка бачыць галоўнай заслугай Мітрапаліта Філарэта і кіраўнікоў каталіцкай царквы. "Я гэта вельмі цэню, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Рад, што ў апошнія гады паміж канфесіямі ўсталяваліся вельмі сяброўскія, можна сказаць, брацкія адносіны". Гаворачы аб міжнароднай канферэнцыі, якая праходзіць у гэтыя дні ў Беларусі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не прыгадвае, каб на такім узроўні праваслаўная і каталіцкая цэрквы ўздымалі праблемы хрысціянскіх каштоўнасцей. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі "з першых дзён яе незалежнасці на першае месца маральных каштоўнасцей былі пастаўлены хрысціянскія". Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі даўно існуе пагадненне, падпісанае ўрадам і Беларускай праваслаўнай царквой. Такі ж дагавор распрацоўваецца і са Святым Прастолам. Па словах Прэзідэнта, дакумент гатовы, яго можна разглядаць, а ў перспектыве і падпісваць. Звяртаючыся да кардынала Курта Коха, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што чакае ад Ватыкана больш актыўнай пазіцыі па абароне інтарэсаў Беларусі на Захадзе. "Ад каталіцкай царквы і асабіста ад Папы Рымскага Бенедыкта XVI мы чакаем большага ў абароне нашых інтарэсаў, асабліва на Захадзе", - сказаў Прэзідэнт. "Мы не прымаем той палітыкі, якая цяпер праводзіцца еўрапейцамі ў дачыненні да Беларусі. Гэта не нармальна, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Таму мы чакаем больш актыўнай пазіцыі ў гэтым напрамку каталіцкай царквы".