А. Лукашэнка ўзяў расследаванне тэракта ў мінскім метро пад асабісты кантроль
12.4.20110 праглядаў
12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў аказаць усю неабходную дапамогу пацярпелым і сем'ям загінулых пры выбуху на станцыі метро "Кастрычніцкая" ў Мінску. Адпаведную задачу кіраўнік дзяржавы паставіў на экстранным нарадзе 11 красавіка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Адразу ж пасля выбуху сітуацыя была даложана Прэзідэнту. Кіраўнік дзяржавы неадкладна прыбыў на станцыю метро "Кастрычніцкая", спусціўся на платформу і разам з сынам усклаў кветкі да месца выбуху. Гэта былі першыя кветкі ў памяць аб ахвярах тэракту.
Затым кіраўнік дзяржавы агледзеў варонку, разбураныя канструкцыі станцыі, пашкоджаны састаў, праверыў, як ідзе праца па ліквідацыі наступстваў выбуху.
Вярнуўшыся з месца здарэння, Прэзідэнт правёў экстранную нараду. Сілавікам, ураду, Адміністрацыі Прэзідэнта, Мінгарвыканкаму дадзены канкрэтныя даручэнні па дапамозе пацярпелым, узмацненні мер бяспекі на транспарце, у месцах масавага збору людзей і расследаванні злачынства.
Прэзідэнт Расіі патэлефанаваў кіраўніку беларускай дзяржавы і выказаў самыя глыбокія спачуванні. Дзмітрый Мядзведзеў прапанаваў аказаць Беларусі любую неабходную дапамогу (як у частцы вядзення следства, так і аказання медыцынскай дапамогі пацярпелым).
Ужо 12 красавіка ў Беларусь прыбудзе група супрацоўнікаў Федэральнай службы бяспекі, якія спецыялізуюцца на раскрыцці падобных злачынстваў. Адначасова Дзмітрый Мядзведзеў прапанаваў накіраваць у Мінск брыгаду ўрачоў, якія маюць вопыт лячэння падобных траўм.
У пачатку нарады ўсе прысутныя ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання.
Прэзідэнт Беларусі запатрабаваў ад сілавога блока штодзённых вынікаў у расследаванні выбуху. "Вынікі павінны быць кожны дзень. Працуйце дзень і ноч", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка даручыў генеральнаму пракурору неадкладна стварыць следчую групу, узмацніць яе супрацоўнікамі пракуратуры, МУС, КДБ. Кіраўніком групы прызначаны намеснік генпракурора Андрэй Швед.
"У найкароткія тэрміны ўсё да найдрабнейшых падрабязнасцей і дэталей улічыць, расследаваць, усё высветліць. Вінаватыя павінны быць знойдзены", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Вынікі павінны быць кожны дзень з нарастаючым вынікам", - запатрабаваў ён.
Прэзідэнт не выключыў сувязі цяперашняга выбуху ў метро з падзеямі 3 ліпеня 2008 года, даручыўшы старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву прааналізаваць факты і паглядзець на магчымасць наяўнасці сувязі. "Можа быць, гэта звёны аднаго ланцуга. Усталюйце, каму выгадна ўзарваць спакой і стабільнасць у краіне, хто за гэтым стаіць", - сказаў Прэзідэнт.
"Я хачу, каб вы запомнілі - вы нясеце асабістую адказнасць за расследаванне гэтай крымінальнай справы", - сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да старшыні КДБ.
Аляксандр Лукашэнка даручыў дзяржсакратару Савета Бяспекі і кіраўніку МУС максімальна ўзмацніць меры бяспекі. "Дзейнічайце рашуча. Думаю, людзі нас зразумеюць. Усе падраздзяленні ў МУС павінны быць пастаўлены пад ружжо. Вывярнуць усё наадварот! Асабліва на наяўнасць незарэгістраванай зброі, выбуховых рэчываў, боепрыпасаў", - запатрабаваў Прэзідэнт.
Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы паставіў задачу перад міністрам абароны неадкладна правесці праверку ўсіх складоў на наяўнасць боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, ці ўсё знаходзіцца на месцы і ці паўсюль належным чынам забяспечваецца ахова.
"Не выключаю, што нам могуць гэты "падарунак" завезці знешне, але нам трэба паглядзець у сябе. Гэта важна", - сказаў Прэзідэнт, дадаўшы, што чакае пра гэта асабістай даклады міністра абароны.
"Звяжыцеся са сваімі расійскімі калегамі па лініі ФСБ, КДБ і пракуратуры, скажыце, якая вам патрэбна дапамога", - звярнуўся Прэзідэнт да прысутных.
Як адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы, "спецыялістаў з Расіі неабходна прыцягнуць хаця б для ацэнкі сітуацыі". Паводле яго слоў, яны ўжо гатовыя выехаць.
Як было дакладзена на нарадзе, сваю дапамогу Беларусі ў расследаванні тэракта прапанавалі таксама Вялікабрытанія і Ізраіль.
Акрамя таго, па словах Аляксандра Лукашэнкі, ён дамовіўся са сваім расійскім калегам, што неадкладна будуць накіраваны спецыялісты з Расіі, якія пракансультуюць беларускіх урачоў, падскажуць, як лячыць пацярпелых у выніку выбуху, якія акрамя фізічных траўм атрымалі магутны псіхалагічны зрыў. "Таму не адмаўляйцеся ад дапамогі. Звяжыцеся зараз жа з міністрам аховы здароўя Расіі, яна чакае вашага званка, і дамоўцеся", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да міністра аховы здароўя Беларусі Васіля Жарко.
"Яшчэ раз падкрэсліваю: у выніку выбуху загінулі людзі", - сказаў Прэзідэнт.Аляксандр Лукашэнка даручыў аказаць усю неабходную дапамогу пацярпелым, у тым ліку матэрыяльную. "Вылечыць, паставіць параненых на ногі! Не шкадуйце нічога, тым больш у нас для гэтага ўсё ёсць", - падкрэсліў ён.
Звяртаючыся да ўрада, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Дапамажыце кожнаму, нікога не забудзьце. Усіх без усялякіх затрымак падтрымайце - каму трэба аказаць фінансавую дапамогу, пацярпелым, сем'ям загінуўшых, пахаваць людзей. Разам з кіраўніком справамі Прэзідэнта неадкладна падключыцеся да гэтай працы, калі трэба, сустрэньцеся з сем'ямі".
Прэзідэнт таксама даручыў старшыні Мінскага гарвыканкама Мікалаю Ладуцьку прафінансаваць усе выдаткі, якія неабходна правесці тэрмінова, з бюджэту горада.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на такі немалаважны факт, як аператыўнае інфармаванне насельніцтва аб ходзе расследавання. "Усе спісы пацярпелых, хто, дзе знаходзіцца на лячэнні, неадкладна апублікуйце і адразу паведамляйце людзям усё, што толькі магчыма", - даручыў кіраўнік дзяржавы.
Даручэнне інфармаваць ва ўсім насельніцтва Аляксандр Лукашэнка даў і кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзіміру Макею. "Людзям трэба прадаставіць поўную інфармацыю. Усё, што журналісты будуць пытаць, арганізуйце адказы на ўсе пытанні. Не трэба нічога хаваць, людзі павінны ўсё ведаць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў у найкароткія тэрміны аднавіць рух у метро.
Звяртаючыся да старшыні Мінгарвыканкама, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што жыццё горада не павінна быць паралізавана. "Тое, што вы хутка разабраліся на зямлі, за гэта дзякуй. Але і заўтра, і паслязаўтра ніякай затрымкі з дастаўкай людзей па лініі метро быць не павінна", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы даручыў вылучыць неабходную колькасць аўтобусаў для перавозкі людзей па маршруце першай лініі метро.
"У найкароткія тэрміны рух у метро трэба аднавіць", - падкрэсліў Прэзідэнт. "Я разумею, што гэта перш за ўсё звязана з працай следчай групы. Але ёсць і іншыя пытанні. Таму трэба, каб ужо сёння стаялі на гатоўнасці брыгады рамонтнікаў, якія ачысцяць станцыю. Як толькі стане магчымым, пракурор дасць адпаведную адмашку - аднавіце рух", - сказаў кіраўнік дзяржавы.Па думцы Прэзідэнта, людзі атрымалі траўмы і ад падвесных потолочных элементаў станцыі, якія пасыпаліся зверху. "Тое, што там хлам зараз пасля выбуху, гэта вам навука. Метро трэба аздабляць так, каб на галаву нічога не падала. Не толькі ад выбуху, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Добра, гэта да нас было, але мы таксама ўжо працуем нямала, даўно на гэта трэба было звярнуць увагу. Там траўмы людзі атрымалі яшчэ і ад таго, што пасыпалася на галаву з потолку".
"Увогуле, звярніце сур'ёзную ўвагу на працу метрапалітэна. Гэта ў любой дзяржаве ўразлівае месца", - падсумаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка даручыў аб'явіць у Мінску дзень жалобы і вызначыць канкрэтную дату. "У знак павагі да людзей гэта трэба зрабіць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт лічыць, што выбухам у сталічным метро кінуты сур'ёзны выклік, які патрабуе адэкватнага адказу. "Нам кінуты сур'ёзны выклік, і, трэба прызнаць, вельмі сур'ёзны. І патрэбны адэкватны адказ, ён павінен быць знойдзены", - сказаў Прэзідэнт.
"Спакойнага жыцця нам не дадуць. Я вас пра гэта папярэджваў. Хто яны? І з адказам на гэтае пытанне прашу паспяшацца", - сказаў кіраўнік дзяржавы прысутным.
Аляксандр Лукашэнка звярнуўся таксама да насельніцтва з просьбай дапамагчы ў расследаванні выбуху ў Мінскім метрапалітэне. "Хацеў бы звярнуцца да людзей шчыра і адкрыта: без вас нам цяжка будзе знайсці гэтых падонкаў. Вы павінны нам дапамагчы", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Крыць няма чым. У гэтай падзеі вінаватыя толькі мы. Мы не забяспечылі, як гэта было заўсёды, спакой, няхай нават у канкрэтным месцы нашай сталіцы. Віна ляжыць на нас. І мы павінны зрабіць усё, каб людзі не падумалі, што мы дарма ямо дзяржаўны хлеб", - адзначыў Прэзідэнт.
Як далажыў міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў, цягнік рухаўся з боку плошчы Перамогі ў бок плошчы Незалежнасці. Меркавана, выбуховае прыстасаванне знаходзілася пад лаўкай на платформе насупраць другога вагона. У выніку выбуху ўтварылася варонка дыяметрам каля 80 см. Магутнасць выбуху ў тратылавым эквіваленце склала ад 5 да 7 кг. Выбуховае прыстасаванне было начынена металічнымі шарыкамі дыяметрам каля 1 см. На момант выбуху ў гэтым месцы знаходзілася каля 300 чалавек. У гэты ж час у процілеглым напрамку рухаўся іншы састаў, які вымушаны быў прайсці без прыпынку.На дадзены момант арганізавана праверка ўсяго транспарту, які выязджае і ўязджае ў рэспубліку. Асаблівую ўвагу надаюць перыметрам мяжы ў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях. На ўзмоцнены варыянт нясення службы пераведзены праваахоўныя органы ў месцах масавага збору людзей, на чыгуначных вакзалах, у аэрапортах.
Таксама праводзіцца канфіскацыя ўсіх запісаў з сістэм відэаназірання, якія будуць дэталёва вывучаны. На чале з намеснікам генеральнага пракурора Андрэем Шведам створана следча-аператыўная група. Па факце выбуху ўзбуджана крымінальная справа. Следства будзе адпрацоўваць усе наяўныя версіі да поўнага ўстанаўлення карціны таго, што адбылося.
"Я ведаю, што гэта будзе складаная крымінальная справа, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Але я вас папярэджваў заўсёды і асабліва пасля 3 ліпеня 2008 года. Я вас прасіў і сёння шчыра скажу, як была пастаўлена вам задача - правесці зачыстку ў краіне і "паадсякаць" рукі ўсім, у каго вы знойдзеце выбухоўку. Калі, пачуўшы мяне сёння, усе капальнікі - "чорныя" і "белыя" - не прынясуць незарэгістраваную зброю і выбухоўку, і яны будуць знойдзены ў яго, у канкрэтнага чалавека, - неадкладна пад суд. Толькі так мы можам навесці парадак".
"Зачыстка павінна прайсці па ўсіх правілах. Жыццё даражэй. Гэтыя людзі, якія пацярпелі, іх сем'і ні ў чым не вінаватыя. Таму зрабіце гэта", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Па словах міністра аховы здароўя Васіля Жарко, пасля атрымання сігналу аб надзвычайным здарэнні да месца здарэння было накіравана 98 карет хуткай медыцынскай дапамогі. У лячэбныя ўстановы, дзе ёсць хірургічныя аддзяленні, шпіталізавана 126 чалавек. З іх 22 знаходзяцца ў цяжкім стане, 30 - у сярэднім, астатнія - у лёгкай ступені цяжкасці. У асноўным у пацярпелых асколачныя раненні розных частак цела, траўмы ад выбуховай хвалі, ёсць выпадкі адрыву канечнасцей. Пры гэтым грамадзянам, якія самастойна пакінулі месца здарэння, знаходзячыся ў шокавым стане, у выпадку пагаршэння самаадчування неабходна неадкладна звярнуцца ў медустановы.
Увесь медыцынскі персанал, кіраўніцтва бальніц знаходзяцца на працоўных месцах. У неабходнай колькасці маюцца перавязочны матэрыял, лекавыя сродкі, запасы крыві. "Галоўнае - выратаваць людзей, якія ў цяжкім стане", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу гарадскія ўлады, аб чым далажыў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька, арганізавалі працу па зборы інфармацыі і паведамленні сем'яў загінулых і пацярпелых. Пахаванне ахвяр выбуху ў метро плануецца правесці 13-15 красавіка. Днём жалобы мэр Мінска прапанаваў аб'явіць чацвер 14 красавіка.
Гарадскія ўлады гатовыя ў максімальна сціслыя тэрміны аднавіць працу метрапалітэна, аднак на станцыі "Кастрычніцкая" электрычкі спыняцца не будуць.
У бліжэйшыя некалькі дзён вырашана абмежаваць у рэспубліцы правядзенне забаўляльных мерапрыемстваў. Кіраўнік дзяржавы даручыў на працягу ночы ўдакладніць дакладную колькасць загінулых і пацярпелых, іх асобы і раніцай далажыць яму аб выніках. Прэзідэнт узяў расследаванне тэракта ў мінскім метро пад асабісты кантроль.
-0-БЕЛТА