19 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі заяўляе аб магчымасці мадэрнізацыі палітычнай сістэмы ў краіне. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка паведаміў у інтэрв'ю вядучым кітайскім СМІ напярэдадні 20-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кітаем, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што неабходна рэагаваць на змены міжнароднай сітуацыі. "Таму мы сёння вывучаем пэўныя тэндэнцыі ў свеце. І, вядома ж, мы і прыстасоўвацца будзем, і мадэрнізаваць нашу палітычную сістэму. Правядзём парламенцкія выбары. І думаю, што нам трэба звярнуць сур'ёзную ўвагу на палітычную рэформу, або рэформу палітычнай сістэмы нашай краіны, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы на гэта пойдзем, хоць у нас катастрофы ў гэтым плане няма. Але трэба заўсёды быць на крок наперадзе тых працэсаў, якія будуць у нас адбывацца. Я пра гэта ўпершыню кажу, але абдумваў даўно гэтае пытанне, абмяркоўваў гэтыя праблемы. І мы паціху будзем у гэтым напрамку рухацца". Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Галоўнае - захаваць стабільнасць, даць магчымасць чалавеку нармальна жыць і выказваць сваё меркаванне. Галоўнае - чалавеку даць магчымасць захаваць яго асноўныя правы, на якія ён прэтэндуе і мае права іх мець".-0-

БЕЛТА