Трэба аператыўней разглядаць пытанні ЖКГ на месцах, каб зваротаў у вышэйшыя інстанцыі было менш. Такое меркаванне выказаў журналістам памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч падчас прамой тэлефоннай лініі з жыхарамі паўночнага рэгіёна.

Трэба аператыўней разглядаць пытанні ЖКГ на месцах, каб зваротаў у вышэйшыя інстанцыі было менш. Такое меркаванне выказаў журналістам памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч падчас прамой тэлефоннай лініі з жыхарамі паўночнага рэгіёна.

Традыцыйна больш за ўсё людзей хвалявалі пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якасці выконваемых работ і абыякавасці да праблем з боку арганізацый ЖКГ. Так, жыхарка Пастаў паскардзілася, што ў доме цячэ дах, вада ідзе па сценах, але праблему не вырашаюць. Шматдзетная сям'я з Віцебска жыве на дзевятым паверсе панэльнага дома. У пакоях сырасць, стыкі прадуваюцца. На перабоі з гарачай вадой паскардзілася жыхарка Оршы. Па гэтых і іншых пытаннях ЖКГ даручана дэталёва разабрацца з выездам да заяўнікаў.

У размове з журналістамі памочнік Прэзідэнта адзначыў, што кожная праблема патрабуе індывідуальнага падыходу. Часам людзей не задавольвае адказ, і яны звяртаюцца паўторна. "Ёсць неаб'ектыўныя паўторныя разгляды: усё было вырашана па законе, але чалавека гэта не задаволіла. Бывае, звяртаюцца зноў, таму што з'яўляюцца нейкія новыя факты, якія трэба ўлічваць, а магчыма, ёсць промахі мясцовай улады ў вырашэнні праблемы. Часцей за ўсё закранаюць тэму ЖКГ, таму трэба больш аператыўна разглядаць гэтыя праблемы на месцах, тады зваротаў стане менш", - сказаў Анатоль Ліневіч.

Дазваніўся да памочніка Прэзідэнта жыхар прыватнага сектара (былая вёска Васюты, якая зараз у межах Віцебска) з пытаннем падвядзення да дамоў водаправода. Уладам горада даручана прапрацаваць варыянты стварэння неабходнай інфраструктуры. Не да канца вырашана праблема жыхаркі Полацка, якую незаконна знялі з чэргі на кватэру. У жанчыны хворае дзіця. Яна ўжо звярталася да Анатоля Ліневіча і дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад Полацка Святланы Адзінцовай. Сітуацыя зрушылася з мёртвай кропкі, палачанку вярнулі ў чаргу на жыллё, але не на ранейшае месца, а ў канец спісу. Мясцовым уладам трэба будзе ў гэтым разабрацца.