4 мая, Мінск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Дзве юныя спявачкі - мінчанка Ганна Атрошчанка (10 гадоў) і Святлана Нехай (8 гадоў, Бараўляны) - будуць аспрэчваць пальму першынства на IX Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе "Віцебск-2011", які пройдзе падчас XX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла прэс-сакратар Міністэрства культуры Беларусі Ганна Смальская. На міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2011" ад Беларусі выступіць тытулаваная артыстка Алена Ланская. На рахунку Алены - перамогі ў конкурсах «Atlantic Breeze-2010" (ЗША), "Сарандзеў-2008" (Балгарыя), "Кубак Еўропы-2009" (Расія), "Спяваграй-2010" (Украіна). Алена таксама з'яўляецца лаўрэатам конкурсу "Маладыя таленты Беларусі", лаўрэатам I ступені V Міжнароднага фестывалю "Моладзь - за Саюзную дзяржаву" (Расія). Выканаўца таксама прэтэндавала сёлета на ўдзел у міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў папулярнай музыкі "Новая хваля-2011", аднак члены журы палічылі яе эстрадны нумар недастаткова арыгінальным. Экспертная група і прафесійнае журы, якое адбірала канкурсантаў, было сфарміравана з вядучых спецыялістаў у галіне музычнага эстраднага мастацтва, вядомых дзеячаў культуры і мастацтва. У судзейскую калегію ўвайшлі Ірына Дарафеева, Васіль Раінчык, Аляксандр Ціхановіч, Эдуард Зарыцкі, Сяргей Сухамлін, Алег Елісеенкаў, прадстаўнікі Міністэрства культуры Беларусі. Год таму ўладальнікам Гран-пры XIX Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2010" стаў Дамір Кеджа з Харватыі. Гран-пры VIII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2010" заваяваў вакаліст з Румыніі Марыё.-0-

БЕЛТА