У Лепельскім раёне па выніках 4 месяцаў 2025 года ў арганізацыі аховы здароўя звярнулася 17 чалавек, пацярпелых ад укусаў жывёл. Сярод тых, хто звярнуўся, ад бяздомных жывёл пацярпела 9 чалавек, ад хатніх сабак і катоў - 8 чалавек. Усім, хто меў патрэбу, быў прызначаны адпаведны курс антырабічнай лячэбна-прафілактычнай вакцынацыі.
Шаленства - небяспечнае захворванне, але яго можна прадухіліць пры дапамозе прышчэпак. У выпадку ўкусу чалавека якой-небудзь жывёлай, хатняй, бяздомнай або дзікай, неабходна як мага хутчэй звярнуцца ва ўстанову аховы здароўя. Прамаруджванне можа прывесці да незваротных наступстваў.
У Лепельскім раёне антырабічная дапамога кругласутачна аказваецца ва ўстанове аховы здароўя «Лепельская цэнтральная раённая бальніца», па адрасе: г. Лепель, вул. Гаспітальная, 2. Ва ўстанове аховы здароўя маецца неабходны запас антырабічнай вакцыны і антырабічнага імунаглабуліну.
Ні ў якім разе не варта адмаўляцца ад прызначанага лячэння і самавольна перапыняць яго: гэта можа прывесці да трагічных наступстваў.
Таксама трэба памятаць, што захаванне ўстаноўленых правіл утрымання хатніх сабак і катоў, штогадовая вакцынацыя іх ад шаленства дапамогуць абараніць сябе і навакольных ад заражэння шаленствам.
Урач-эпідэміёлаг Наталля Паборцава