Пераможцаў прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў ушанавалі па традыцыі ў гімназіі імя І. М. Ерашова. За год назапашваецца шмат неўручаных узнагарод, якія і знаходзяць сваіх уладальнікаў на ўрачыстай цырымоніі «Апладысменты». Музычныя віншаванні, прэзентацыя з фотаздымкамі – школьнікам ладзяць сапраўднае свята. З аднаго боку, так заахвочваюць актывістаў, з другога – стымулююць астатніх.
74 граматы і дыпломы ўручылі пераможцам прадметных алімпіяд, адзначылі ўдзел 30 вучняў у даследчай дзейнасці. Творчыя конкурсы, агітбрыгады, злёты – не забылі і пра выхаваўчую працу. У гэтай намінацыі больш за 30 гімназістаў атрымалі граматы. «Зорны час» наступіў і для васьмікласнікаў Кацярыны Сільвановіч і Ігара Ундро. Ракетка з дрэва, зробленая ў гонар Вікторыі Азаранка, дапамагла заняць рэбятам другое месца ў абласным конкурсе «Беларусы ў Лондане», які праводзіў Нацыянальны алімпійскі камітэт.
Ёсць у скарбонцы гімназістаў і ўзнагароды больш высокага ўзроўню: напрыклад, за ўдзел у міжнародным конкурсе даследчых работ, прысвечаным Вялікай Айчыннай вайне, атрымаў грамату адзінаццацікласнік Мікіта Лейка. Былі і тыя гімназісты, якім за граматамі давялося падымацца на сцэну не аднойчы. Сярод іх – дзесяцікласніцы Юнэла Самусева і Кацярына Клундук. Адна з самых доўгачаканых узнагарод для дзевяцікласніцы Сафіі Касцюковіч – дзявятае месца на рэспубліканскай алімпіядзе па матэматыцы. Завяршылася мерапрыемства гімнам гімназіі і, вядома, апладысментамі ў гонар лепшых вучняў.
М. АРЛОВА