16 сакавіка, Наваполацк /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Радзькоў прапануе разглядаць універсітэт як навучанне ўладкаванню жыцця праз прафесію. Сваё бачанне ўніверсітэцкай адукацыі ён выказаў сёння ў Наваполацку, адказваючы на пытанне ўдзельніка адукацыйнага форуму для асоб, уключаных у перспектыўны кадравы рэзерв Віцебскага аблвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Традыцыйна склаўся канцэптуальны падыход да ўніверсітэта як да прафесійнай школы. Мне здаецца, што ўніверсітэт трэба разглядаць як уладкаванне жыцця ў пошуках сябе праз прафесію", - сказаў Аляксандр Радзькоў. І хоць гэта ламае стэрэатып, ён перакананы, што за гэтай канцэпцыяй будучыня. Сістэму беларускай адукацыі неабходна фарміраваць зыходзячы з нацыянальных традыцый. Разам з тым яна павінна быць інтэгравана і павінна выразна развівацца ў адпаведнасці з дзяржаўнымі патрабаваннямі і фарматамі развіцця адукацыі ў цэлым. На думку Аляксандра Радзькова, сістэма бакалаўрыяту і магістратуры будзе працаваць у Беларусі. Мы прыйдзем да гэтай сістэмы, але не адразу, сказаў ён. Гаворачы пра вышэйшую адукацыю, Аляксандр Радзькоў падкрэсліў, што неабходна не забываць аб развіцці прафесійнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Трэба захоўваць адукацыйны баланс. Аляксандр Радзькоў таксама адзначыў, што ў сістэме адукацыі Беларусі існуюць недахопы, у прыватнасці ў вывучэнні бізнесу і замежных моў. Таксама, на яго думку, немагчыма вярнуць сістэму савецкай адукацыі. "У нас іншая краіна, іншая ментальнасць, з гэтага трэба зыходзіць", - падкрэсліў Аляксандр Радзькоў.-0-

БЕЛТА