27 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Арэндаваць кватэру ў Віцебскага гарвыканкама можна у сярэднім за Br500 тыс. і аплату камунальных паслуг, паведаміў на прэс-канферэнцыі, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін. Каля двух дзясяткаў кватэр, якія знаходзяцца на балансе бюджэту, гарадскія ўлады здаюць унаём тым, хто мае патрэбу. Кошт арэнды залежыць ад плошчы жылля, аднак сярэдні кошт складае каля паўмільёна беларускіх рублёў у месяц. Дагавор на арэнду заключаецца, як правіла, на працяглы тэрмін, пры выкананні яго ўмоў наймальнікам і пры яго жаданні падаўжаецца. Даведацца аб наяўных свабодных арэндных кватэрах можна на сайце гарвыканкама, а стаць прэтэндэнтам на ўсяленне - падаўшы дакументы ў службу "Адзінае акно". У 2013 годзе ў Віцебску будзе закладзены першы арэндны дом на 120 кватэр. На яго будаўніцтва з абласнога бюджэту накіроўваецца Br16 млрд. Прэтэндаваць на арэндныя кватэры змогуць у першую чаргу грамадзяне, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў жыллі. Па дадзеных на пачатак снежня, у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў у Віцебску стаяць 31077 чалавек. У сувязі са змяненнем заканадаўства і ўдакладненнем дадзеных аб тых, хто мае патрэбу, чарга скарацілася больш чым на 2 тыс. чалавек. Яшчэ 1,2 тыс. чалавек выключаны з яе ў сувязі з паляпшэннем жыллёвых умоў - яны атрымалі кватэры ўзамен свайго ветхага, які падлягае зносу жылля.-0-

БЕЛТА