26 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Унікальныя прадметы знойдзены археолагамі на тэрыторыі старажытнага Замкавага ручая ў Віцебску ў гэтым археалагічным сезоне. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла загадчыца цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі доктар гістарычных навук Вольга Леўко, якая вядзе раскопкі ў абласным цэнтры з 1976 года. У ходзе археалагічнага назірання, якое вядзецца з 2010 года пры будаўніцтве адміністрацыйнага будынка ў рэчышчы Замкавага ручая і прылеглай да яго тэрыторыі, спецыялісты выявілі драўляную канструкцыю на глыбіні каля 8 м ад паверхні дзённага слоя. Збудаванне ў выглядзе зруба памерам 2,15х2 м, па папярэдніх ацэнках, было калісьці гаспадарчай пабудовай. Унутры канструкцыі знойдзены эфес шаблі і некалькі лязаў шабель. Ляза вельмі шчыльна зляжаліся, таму пры ачыстцы, магчыма, будзе выяўлена нешта яшчэ. Унутры пабудовы выяўлены крыжык з каляровага металу, які можна датаваць канцом XVIII - пачаткам XIX стагоддзя, а таксама гузік, па папярэдніх ацэнках, ад мундзіра вайскоўца французскай арміі і манета (праўда, у вельмі дрэнным стане). "Пакуль гэта ўсе самыя папярэднія дадзеныя і ў ходзе далейшых даследаванняў (у прыватнасці, пасля чысткі шабельных лязаў, магчыма, удасца выявіць нейкія кляймы) можна будзе зрабіць больш канкрэтныя высновы", - адзначыла Вольга Леўко. Пакуль жа спецыялісты звязваюць гэтыя знаходкі з падзеямі 1812 года, пра што могуць дадаткова сведчыць выяўленыя сляды нагару на элементах драўлянай канструкцыі і ў навакольным слоі, характэрныя для наступстваў пажару.