15 лютага, Мінск /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. Рэспубліканская асацыяцыя нанаіндустрыі створана ў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА з устаноўчага сходу асацыяцыі.

Членамі асацыяцыі нанаіндустрыі сталі каля 20 беларускіх арганізацый. Сярод іх Інстытут цепла- і масаабмену, Інстытут фізіка-арганічнай хіміі, Інстытут біяарганічнай хіміі, Навукова-практычны цэнтр НАН па матэрыялазнаўстве, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт і інш. Членамі асацыяцыі таксама сталі прыватныя прадпрыемствы.

Асацыяцыя створана з мэтай каардынацыі навукова-даследчай, інавацыйнай і прадпрымальніцкай дзейнасці ў сферы нанатэхналогій. Дзейнасць арганізацыі будзе накіравана на распаўсюджванне інфармацыі аб выніках працы прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у асацыяцыю, і папулярызацыю іх дасягненняў. Акрамя таго, асацыяцыя будзе прадстаўляць і абараняць агульныя маёмасныя і немаёмасныя інтарэсы сваіх членаў.

Намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык адзначыў, што ў Беларусі неабходна рабіць стаўку на развіццё новых перспектыўных галін, у прыватнасці, сектараў бія- і нанатэхналогій. "Аб'яднанне прадпрыемстваў у асацыяцыі дазволіць наладзіць гарызантальныя сувязі, больш эфектыўна адстойваць інтарэсы і вырашаць актуальныя задачы, якія стаяць перад арганізацыямі, што займаюцца развіццём нанатэхналогій", - растлумачыў ён.

Асацыяцыя нанаіндустрыі будзе ў пэўнай ступені прадстаўляць сабой пляцоўку для зносін, дзе будуць абмяркоўвацца і выпрацоўвацца перспектыўныя ідэі ў сферы нанатэхналогій. Беларуская асацыяцыя плануе наладзіць супрацоўніцтва з аналагічнай структурай у Расіі - Нацыянальнай асацыяцыяй нанаіндустрыі.

Першы намеснік міністра эканомікі Анатоль Філонаў у сваю чаргу падкрэсліў, што сённяшні сход з'яўляецца для рэспублікі лёсавызначальным, паколькі ў Беларусі ствараецца па сутнасці новая галіна эканомікі. Паколькі магутнасці нафтахімічнага комплексу, многіх прадпрыемстваў машынабудавання, Беларускага металургічнага завода сёння абмежаваныя, неабходна фарміраваць новыя высокатэхналагічныя сектары эканомікі.