21 снежня, Мінск /Надзея Радзівон - БЕЛТА/. Астранамічная зіма наступіць у Беларусі сёння а 14-й гадзіне 12 хвілін па беларускім часе. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў абсерваторыі БДУ.
На перыяд зімовага сонцастаяння прыпадае самая доўгая ноч і самы кароткі дзень у годзе. Светлы час сутак працягваецца ўсяго 7 гадзін 24 хвіліны. Зямля атрымлівае найменшую колькасць сонечнага цяпла, і ўлада зімы сцвярджаецца канчаткова. З гэтага моманту светлавы дзень паступова пачне павялічвацца.
У народзе свята зімовага сонцастаяння яшчэ называюць днём Ганны-зімняй. Згодна з народнымі прыметамі, "на Ганну восень канчаецца, зіма пачынаецца". Гэты дзень лічыўся самым маласонечным, а таму людзі баяліся, што вось-вось нячыстая сіла адолее згасаючае сонца. Ён асабліва адзначаўся цяжарнымі жанчынамі і пчалярамі. Першым забаранялася на працягу сутак брацца за якую-небудзь істотную працу. Заўважалі, што калі на Ганну зімовую прамяніста і светла - гэта да яснага і марознага 31 снежня, пахмурна і на дрэвах іней - да пахмурнай і цёплага надвор'я.
У старажытнасці менавіта з дня зімовага сонцастаяння пачынаўся новы год. Гэта свята было адной з самых важных падзей у жыцці, служыла кропкай адліку для заняткаў земляробствам, будаўніцтвам і іншымі важнымі справамі. На Русі існаваў звычай у самы кароткі дзень у годзе падпальваць кола і пускаць яго з гары. Гарачае кола знамянавала наступленне сонцевароту. А ў старажытным Кітаі лічылі, што з зімовага сонцастаяння падымалася "мужчынская сіла" прыроды і пачынаўся новы цыкл. Таму гэты дзень лічыўся шчаслівым: імператары выязджалі за горад для здзяйснення ўрачыстых рытуалаў ахвярапрынашэння Небу, а просты народ прыносіў ахвяры продкам.-0-
БЕЛТА
Астранамічная зіма надыходзіць у Беларусі
21.12.20120 праглядаў