14 ліпеня, Віцебск /Аляксандр Сам - БЕЛТА/. Член журы Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2012" Аляксандр Ціхановіч адзначае высокі прафесійны ўзровень маладых артыстаў, якія ўдзельнічаюць у конкурсе. Такое меркаванне ён выказаў сёння на прэс-канферэнцыі, дзелячыся ўражаннямі ад прэзентацыі выканаўцаў, якая прайшла ўвечары 13 ліпеня, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Конкурс маладых выканаўцаў стане галоўным болем для журы. Упэўнены ў гэтым, таму што пасля ўчарашняга праслухоўвання артыстаў мы зразумелі, што яны ўсе - спяваючыя! Адчуваю, што журы трэба будзе старанна працаваць", - сказаў Аляксандр Ціхановіч. Мэтр пажадаў усім канкурсантам творчых сіл для таго, каб яны змаглі "ў патрэбны момант і хвіліну пераканаць членаў журы і гледачоў у тым, што яны не выпадковыя людзі ў мастацтве, што ў іх выдатная будучыня". Як раней паведамлялася, 13 ліпеня ў Віцебску прайшло размеркаванне нумароў выканаўцаў. Прадстаўнік Беларусі Яўген Славіч выцягнуў нумар 8. Адкрые конкурс Славіна Калканджыева з Балгарыі. Расіянцы Анастасіі Козлавай дастаўся нумар 16, украінцы Галіне Конах - 13. У размеркаванні нумароў прынялі ўдзел 20 маладых выканаўцаў замест 21 заяўленага. Ніка Антолас з Харватыі не паспела атрымаць візу і выбыла з конкурснай праграмы. У першы дзень конкурсу маладыя таленты будуць выступаць на сцэне Летняга амфітэатра пад фанаграму "мінус адзін", у другі, 15 ліпеня, - у суправаджэнні Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга.-0-

БЕЛТА