12 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Аварыйныя адключэнні электраэнергіі з-за моцнага ветру адбыліся ў трох усходніх раёнах Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным упраўленні МНС.
Паводле даных РУП "Віцебскэнерга", у выніку моцнага ветру, парывы якога даходзілі да 14 м/с, адбыліся аварыйныя адключэнні электразабеспячэння ў Віцебскім, Лёзненскім, Аршанскім раёнах. У Віцебскім раёне пацярпелі тры лініі электраперадач, 43 трансфарматарныя падстанцыі, 18 населеных пунктаў, адна ферма; у Лёзненскім раёне - адна лінія электраперадач, 17 трансфарматарных падстанцый, 13 населеных пунктаў, чатыры фермы; у Аршанскім раёне пацярпелі сем ліній электраперадач, 107 трансфарматарных падстанцый, 63 населеныя пункты, 11 ферм.
Паводле даных на бягучы момант, застаюцца адключанымі 8 ліній электраперадач, 91 трансфарматарная падстанцыя, 11 ферм. Для падключэння электразабеспячэння задзейнічаны 22 аварыйныя брыгады "Віцебскэнерга".
Моцныя парывы ветру напярэдадні даставілі непрыемнасці і ў Гарадоцкім раёне. Тут з даху адміністрацыйнага будынка ў Гарадку былі сарваны лісты шыферу, пашкоджана каля 70 кв.м даху. Таксама ветрам пашкоджаны шыферны дах Гарадоцкага райваенкамата на плошчы 10 кв.м. Папярэдні матэрыяльны ўрон склаў Br10 млн. У цяперашні час праводзіцца аднаўленне даху. Будынкі функцыянуюць у ранейшым рэжыме.-0-
БЕЛТА
Аварыйныя адключэнні электраэнергіі адбыліся ў трох усходніх раёнах Віцебскай вобласці
12.6.20120 праглядаў