Авіязносіны паміж Віцебскам і найбуйнейшымі расійскімі гарадамі - Масквой і Санкт-Пецярбургам могуць быць наладжаны ўжо з наступнага года.

Авіязносіны паміж Віцебскам і найбуйнейшымі расійскімі гарадамі - Масквой і Санкт-Пецярбургам могуць быць наладжаны ўжо з наступнага года. Пра гэта паведаміў журналістам старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў падчас комплекснай прэзентацыі гэтага рэгіёна ў Дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы хочам ужо ў наступным годзе паспрабаваць запусціць авіярэйсы Віцебск-Санкт-Пецярбург і Віцебск-Масква", - сказаў Мікалай Шарстнёў. Ён адзначыў, што ў Віцебскай вобласці паспяхова развіваецца турыстычная сфера і яна мае патрэбу ў адкрыцці гэтых авіярэйсаў.

Кіраўнік вобласці падкрэсліў, што рэгіён прыцягвае турыстаў сваёй прыродай. Гасцей прыцягвае таксама багатая культурная спадчына Віцебскай вобласці і яе асноўны брэнд - фестываль "Славянскі базар у Віцебску", на які, па словах Мікалая Шарстнёва, расіян з кожным годам прыязджае ўсё больш.

"Усе нашы турыстычныя ўстановы, пансіянаты, дамы адпачынку адкрыты для расіян. Мы рады паказаць ім сваю шматвяковую культуру і зрабіць усё для таго, каб уражанні засталіся і аб Віцебскай вобласці, і ў цэлым аб краіне толькі станоўчыя", - рэзюмаваў старшыня аблвыканкама.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)