16 лістапада, Мінск /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. Аўстрыйская кампанія Bertsch плануе пабудаваць у Віцебску цяпловую электрастанцыю, якая будзе працаваць на мясцовых відах паліва. Пра гэта паведаміў сёння карэспандэнту БЕЛТА прэзідэнт Bertsch group, прэзідэнт аб'яднання прамыслоўцаў Аўстрыі Хуберт Берч, які прымае ўдзел у VII Беларускім інвестыцыйным форуме.
Аўстрыйская кампанія Bertsch сёння падпісала рамачнае пагадненне аб інвестыцыйных намерах у энергетычнай сферы з ДВА "Белэнерга". Ад беларускага боку пратакол аб намерах падпісаў генеральны дырэктар ДВА "Белэнерга" Аляксей Шырма, ад аўстрыйскага - Хуберт Берч.
Інвестар плануе пабудаваць электрастанцыю, якая будзе выкарыстоўваць мясцовыя віды паліва з высокім каэфіцыентам карыснага дзеяння, перш за ўсё торф. Гэта дазволіць знізіць імпарт газу і мазуту з Расіі. Канчатковы кошт праекта будзе вядомы пасля правядзення перамоваў, але арыенціровачна ён складзе 30-35 млн. еўра.
Аўстрыйская кампанія Bertsch ужо некалькі гадоў прадстаўлена на беларускім рынку. Яна займаецца вытворчасцю і пастаўкай абсталявання для прадпрыемстваў харчовай прамысловасці, а таксама энергетычнага комплексу. Кампанія вядомая сваімі парагенератарамі, якія дазваляюць павысіць эфектыўнасць пераўтварэння энергіі з пары ў электраэнергію. Прадпрыемства заснавана ў 1925 годзе. Хуберт Берч з'яўляецца спадчыннікам сямейнага бізнесу і гатовы пашыраць прысутнасць кампаніі на беларускім рынку.-0-
БЕЛТА
Аўстрыйцы пабудуюць у Віцебску электрастанцыю за 30-35 млн. еўра
16.11.20120 праглядаў