На тэрыторыі Лепельскага раёна працягваецца шырокая інфармацыйная кампанія па інфармаванні насельніцтва аб эфектыўнасці выкарыстання аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.
Так, у харчовых крамах раёна ратавальнікі арганізавалі работу інфармацыйна-пазнавальных пляцовак, дзе расказалі грамадзянам аб тым, як гэты просты і даступны прыбор можа выратаваць жыцці і маёмасць. Падкрэслілі важнасць рэгулярнай праверкі працаздольнасці апавяшчальнікаў і іх замены па меры неабходнасці.– Галоўная задача апавяшчальніка – выявіць дым на ранняй стадыі ўзгарання і падаць гучны гукавы сігнал, – патлумачылі прадстаўнікі МНС.
Працягваецца інфармацыйная работа і ў дзіцячых аздараўленчых лагерах. Дзецям не проста расказалі аб важнасці гэтага маленькага прыбора, але і наглядна патлумачылі, як ён працуе, чаму яго нельга здымаць і як ён ратуе жыцці.
Работнікі МНС пры садзейнічанні грамадскай арганізацыі «Белая Русь» працягваюць усталёўваць апавяшчальнікі ў дамах найбольш уразлівых катэгорый грамадзян.
‒ Апавяшчальнік даволі лёгка ўсталёўваецца і не патрабуе спецыяльнага абслугоўвання. Пры задымленні ён выдае гучны гукавы сігнал, які здольны разбудзіць спячага чалавека і даць яму час пакінуць небяспечную зону, ‒ тлумачаць прадстаўнікі ратавальнага ведамства домаўладальнікам. ‒ У выпадку, калі прыбор пачынае рытмічна пішчаць, то гэта паказвае на тое, што пара замяніць элемент харчавання.
Застаецца спадзявацца, што комплексная прафілактычная работа дазволіць звесці да мінімуму колькасць пажараў на тэрыторыі Лепельскага раёна.