28 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Аўтапарк УУС Віцебскага аблвыканкама папоўніўся новай тэхнікай, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў ва ўрачыстай абстаноўцы сёння ўручыў кіраўніцтву абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў сертыфікат на 11 аўтамашын, якія паступяць у распараджэнне ДАІ, дзяжурнай часці УУС, АМАП, Гарадоцкага, Талачынскага, Ушацкага, Мёрскага, Шумілінскага, Глыбоцкага, Пастаўскага РАУС і Наваполацкага ГАУС. Ён падкрэсліў, што ў пачатку 2013 года для праваахоўнікаў вобласці будуць набыты яшчэ 10 машын. Такім чынам, аўтапарк УУС абновіцца фактычна цалкам.
"Дзякуючы зладжанай, дакладнай працы органаў унутраных спраў, цеснаму ўзаемадзеянню, наладжанаму з мясцовымі органамі ўлады, велізарнай увазе і намаганням, накіраваным на забеспячэнне правапарадку і законнасці, у рэгіёне склалася ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння ўзроўню злачыннасці", - падкрэсліў Уладзімір Цярэнцьеў, адзначыўшы, што за апошнія пяць гадоў колькасць забойстваў у вобласці скарацілася практычна ў тры разы, разбойных нападаў - больш чым у тры разы, а хуліганскіх праяў стала ў 10 разоў менш.
Узровень злачыннасці ў Віцебскай вобласці за студзень-кастрычнік бягучага года знізіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 21%, склаўшы на 10 тыс. насельніцтва 84,1 (па рэспубліцы - 89,6). За 10 месяцаў на тэрыторыі рэгіёна здзейснена 10,2 тыс. злачынстваў. У параўнанні са студзенем-кастрычнікам 2011 года скарацілася колькасць рабаванняў (на 19,4%), разбояў (на 5,1%), згвалтаванняў (на 33,3%), хуліганскіх праяў (на 47,9%), крадзяжоў усіх відаў (на 19,7%), фактаў махлярства (на 37,6%). Менш зарэгістравана злачынстваў, здзейсненых у стане алкагольнага ап'янэння (на 8,4%), у групе (на 13,7%), паўторна (на 19,3%), непаўналетнімі (на 19,2%).
"Нельга казаць, што ўсё зусім добра. Ёсць сур'ёзная праблема, звязаная з алкагалізацыяй насельніцтва. Яна нас вельмі хвалюе, бо кожнае трэцяе злачынства сёння здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап'янэння. Патрабуе ўвагі пытанне злачыннасці сярод непаўналетніх і некаторыя іншыя. Тым не менш, той факт, што грамадзяне сёння могуць зусім спакойна хадзіць днём і ноччу па вуліцах горада, абумоўлены перш за ўсё велізарнай працай супрацоўнікаў міліцыі", - адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама.-0-
БЕЛТА
Аўтапарк УУС Віцебскага аблвыканкама папоўніўся новай тэхнікай
28.11.20120 праглядаў