Аўтары найлепшых твораў 2011 года ўзнагароджаны на Дзень пісьменства ў Глыбокім
2.9.20120 праглядаў
2 верасня, Глыбокае /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Ганаровыя знакі-сімвалы "Залаты Купідон" і дыпломы ўручаны пераможцам рэспубліканскага літаратурнага конкурсу "Лепшы твор 2011 года" ў Глыбокім Віцебскай вобласці, дзе сёння адзначаецца Дзень беларускага пісьменства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пісьменнікі, паэты, драматургі, публіцысты атрымалі ўзнагароды з рук намесніка прэм'ер-міністра Беларусі, старшыні нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня пісьменства Анатоля Тозіка.
Конкурс праводзіўся па 10 намінацыях. У намінацыі "Паэзія" лепшым прызнаны віцебскі паэт Алег Салтук са зборнікам вершаў "Дзве зары". Сярод празаікаў трыумфатарам стаў аўтар гістарычных раманаў Мікалай Ільінскі. Звання лепшага публіцыста ўдастоены Славомір Антоновіч за кнігу пра заслужаных людзей рэспублікі. У намінацыі "Дзіцячая літаратура" ўзнагародай адзначана праца Мікалая Маляўка, які расказаў дзецям пра Якуба Коласа, а ў намінацыі "Крытыка і літаратуразнаўства" трыумфатарам стаў Зіновій Прыгодзіч - за творчыя партрэты дзеячаў беларускай літаратуры і культуры. Сярод драматургаў узнагароджаны Фёдар Палачанін за кнігу "Зраненае сэрца", сярод краязнаўцаў - Анатоль Статкевіч-Чэбаганаў за летапіс беларускай шляхты. Юліі Зарэцкай, якая напісала кнігу "Шчаслівыя людзі", "Залаты Купідон" уручаны ў намінацыі "Гумар і сатыра".
Сярод пісьменнікаў-перакладчыкаў суддзі вылучылі Уладзіміра Скарынкіна, які займаўся перакладамі твораў Дантэ Аліг'еры і Франчэска Петраркі. У намінацыі "Песенны жанр" перамог Іван Юркін (за цыкл патрыятычных песень).
Арганізатарамі конкурсу "Лепшы твор 2011 года", узнагароды якога ўручаюцца на Дзень беларускага пісьменства штогод, выступілі міністэрствы інфармацыі і культуры, Саюз пісьменнікаў і Мінгарвыканкам. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ажыццяўляла канцэптуальнае кіраўніцтва і каардынацыю дзейнасці конкурсу. Старшыня журы - вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры НАН Беларусі доктар філалагічных навук Іван Саверчанка.
З прывітальным словам да гасцей звярнуўся старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі - старшыня Грамадскага савета па маральнасці Мікалай Чаргінец. Зыходзячы з таго, што сярод членаў СПБ ёсць нямала замежных пісьменнікаў, ён прапанаваў Анатолю Тозіку ў наступным годзе ўвесці новую намінацыю - "Лепшы твор замежнага аўтара пра Беларусь".
На XIX Дзень беларускага пісьменства па традыцыі прыбылі госці з розных краін, прадстаўнікі акрэдытаваных у Беларусі дыпламатычных місій, дзеячы навукі і мастацтва, журналісты. Удзельнікамі свята сёлета сталі больш за 100 айчынных пісьменнікаў. Да іх далучыліся калегі з Расіі, Украіны, Азербайджана, Таджыкістана, Сербіі, Чарнагорыі і Туркменістана. Усе яны прынялі ўдзел у міжнародным круглым стале "Пісьменнік. Кніга. Час", які адбыўся 1 верасня ў Глыбокім.-0-
БЕЛТА