18 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Аўтастаянкі стануць галоўнымі агітацыйнымі пляцоўкамі за ўдзел у Дне без аўтамабіля ў Віцебскай вобласці, расказала карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Ясюліна.
Для шырокага прыцягнення насельніцтва, грамадскіх арганізацый да ўдзелу ў акцыі на аўтастаянках у месцах масавага адпачынку спецыялісты камітэта і валанцёры маюць намер распаўсюджваць інфармацыйныя лістоўкі з заклікам 22 верасня адмовіцца ад аўтамабіляў, аддаўшы перавагу экалагічным і карысным для здароўя спосабам перамяшчэння. Відэаролікі аб акцыі на працягу ўсяго працоўнага тыдня будуць дэманстравацца на відэаэкранах у цэнтры Віцебска і ў буйных гандлёвых аб'ектах.
Напярэдадні Дня без аўтамабіля пройдуць рэйды па выяўленні і вызваленні дваравых тэрыторый і вуліц ад бесгаспадарнага або невыкарыстоўванага транспарту. Абследаванне стану месцаў стаянак ровараў пры аб'ектах гандлю, установах адукацыі і іншых месцах агульнага карыстання таксама запланавана ў рамках праводзімых мерапрыемстваў.
У Дзень без аўтамабіля - 22 верасня - па ўсёй вобласці адбудуцца спартыўна-забаўляльныя мерапрыемствы, на якіх галоўнымі героямі стануць ровар і ролікі.
У вобласці налічваецца больш за 360 тыс. адзінак аўтатранспарту, з якіх парк асабістых машын перавысіў 250 тыс. Па падліках эколагаў, такая колькасць аўтатранспарту выкінула ў атмасферу 117,9 тыс.т забруджвальных рэчываў.
Упершыню акцыя "Дзень без аўтамабіля" прайшла ў Францыі ў 1997 годзе. Тады ў мерапрыемстве ўдзельнічалі ўсяго каля 20 гарадоў, у 2001-м да руху афіцыйна далучыліся больш за тысячу гарадоў 35 краін свету, а з 2008-га ўдзельнікам стала і Беларусь. Цяпер штогадовая акцыя праходзіць у 40 краінах Еўропы і іншых кантынентах. 22 верасня 2012 года ў Беларусі будзе праведзена штогадовая міжнародная акцыя "Дзень без аўтамабіля", арганізатарам якой выступае Мінпрыроды, абласныя камітэты, раённыя і гарадскія інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.-0-
БЕЛТА
Аўтастаянкi стануць галоўнымі агітпляцоўкамi за ўдзел у Днi без аутамабiля ў Вiцебскай вобласцi
18.9.20120 праглядаў