26 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Азербайджанскі Мінгечавір і армянскі Алаверды сталі гарадамі-пабрацімамі Полацка. Пагадненні аб супрацоўніцтве падпісаны ў дні святочных урачыстасцей у старажытным беларускім горадзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Сёння ва ўрачыстай абстаноўцы быў падпісаны дагавор аб пабрацімстве з горадам Алаверды. Ад імя гарадоў дакумент падпісалі старшыня Полацкага гарвыканкама Аляксандр Пазняк і мэр Алаверды Артавазд Варасян. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Арменіі ў Беларусі Армен Хачатран, які таксама прымаў удзел у цырымоніі, павіншаваў Полацк з 1150-годдзем, адзначыўшы пры гэтым, што Полацк з'яўляецца сімвалам духоўнасці і культуры, горадам вялікіх хрысціянскіх традыцый. Армянскі і беларускі народы маюць аднолькавае імкненне да далейшага супрацоўніцтва і ўмацавання братэрскіх кантактаў, дадаў пасол. Полацк і Алаверды маюць намер садзейнічаць устанаўленню і пашырэнню двухбаковага эканамічнага, навукова-тэхнічнага, культурнага і гуманітарнага супрацоўніцтва, ствараць умовы для заключэння прамых кантактаў паміж суб'ектамі гаспадарання ўсіх форм уласнасці. Армянскі і беларускі гарады таксама пацвердзілі зацікаўленасць у развіцці адносін у гуманітарнай сферы. Дагавор будзе садзейнічаць устанаўленню і развіццю прамых сувязей паміж навучальнымі ўстановамі, установамі культуры і спорту, музеямі і тэатрамі, СМІ. Як падкрэсліў старшыня Полацкага гарвыканкама Аляксандр Пазняк, кантакты гарадоў будуць развівацца ў розных напрамках. У Полацка з Арменіяй існуюць даўнія кантакты. Нядаўна ў горадзе прайшоў конкурс дзіцячага малюнка "Арменія вачыма дзяцей", выстава армянскай літаратуры. Прадпрымальнікі з дружалюбнай краіны сталі праяўляць цікавасць да Полацка, і першай ластаўкай стала кафэ армянскай кухні. Напярэдадні, 25 мая, быў падпісаны сумесны дакумент аб пабрацімстве паміж Полацкам і Мінгечавірам, які закліканы садзейнічаць развіццю адносін паміж гарадамі. Прыярытэтамі ў адносінах стануць усталяванне бізнес-кантактаў, заахвочванне гандлю і турызму, абмен і супрацоўніцтва ў адукацыі і культуры. Кіраўнік выканаўчай улады Мінгечавіра Ніязi Байрамаў прызнаўся журналістам, што азербайджанская дэлегацыя скарына гасціннасцю і прыгажосцю Полацка. Ён упэўнены, што сяброўскія кантакты паміж двума гарадамі будуць садзейнічаць узаемаразуменню і далейшаму супрацоўніцтву паміж Азербайджанам і Беларуссю.