5 красавіка, Кобрын /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Ажыятаж на валютным рынку пройдзе пасля павышэння мытных пошлін на аўтамабілі. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння падчас рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Вядома, нас вельмі моцна падкасіў ажыятаж з аўтамабілямі. Мы паглядзелі, там больш за мільярд. Былі нават прапановы ўвесці зараз гэту мыту. Але гэта ўдар па людзях, навошта ж ужо сваіх людзей ціснуць. Вытрымаем мы гэта, хай людзі купяць сабе машыну якую хочуць, заменяць, калі трэба", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Што тычыцца тых грамадзян, якія прывозяць машыны з-за мяжы, каб потым іх перапрадаць, кіраўнік дзяржавы сказаў: "Гэта бізнес. Не можам жа мы чалавека задушыць з-за гэтай валюты". "Але сумленна: валюта ёсць - ідзі купляй, прадавай, няма валюты - з засекаў мы больш браць не будзем, золатавалютны рэзерв - гэта святое. Мы павінны яго папаўняць", - падкрэсліў беларускі лідар, адзначыўшы, што праз некалькі месяцаў сітуацыя супакоіцца і людзі, наадварот, будуць мяняць валюту на беларускія рублі. "Ну хочуць людзі купіць, што ж зробіш. Таму я і Нацбанку сказаў, і ўраду, што ні ў якім разе наступаць на людзей нельга. Хай людзі рэалізуюць сваё жаданне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. На думку кіраўніка дзяржавы, павелічэнне колькасці асабістага аўтатранспарту ў краіне таксама мае свой станоўчы бок, бо ўзнікае неабходнасць аказання адпаведных паслуг, а гэта новыя працоўныя месцы, растуць продажы паліва, падатковая база. "Таму спакойна трэба да гэтага ставіцца. Так, быў нейкі ажыятаж. Зараз ён значна меншы, пайшоў на спад, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Усё сыдзе, але людзі не прад'явяць нам прэтэнзіі, што мы закрылі ім магчымасць купіць тое, што яны хочуць". "Галоўнае - гэта прадаць больш, чым прывезці з-за мяжы. Хопіць жыць за кошт кагосьці", - рэзюмаваў Прэзідэнт. Нагадаем, мытныя пошліны на ўвоз аўтамабіляў для фізічных асоб у Беларусі з 1 ліпеня 2011 года паднімуцца да ўзроўню пошлін у краінах Мытнага саюза.-0-

БЕЛТА