АЗС сістэмы "Белнафтахіма" з 1 лістапада пяройдуць на рэалізацыю зімовага дызпаліва

24.10.20140 праглядаў

24 кастрычніка, Мінск /Таццяна Іванюк - БЕЛТА/. Аўтазаправачныя станцыі сістэмы канцэрна "Белнафтахім" (у асноўным гэта АЗС ПА "Беларуснафта") з 1 лістапада цалкам пяройдуць на рэалізацыю зімовага дызельнага паліва. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе канцэрна.

"Зімовае дызпаліва паступае на АЗС рэспублікі ўжо з сярэдзіны кастрычніка, аднак для таго, каб яно цалкам замяніла летняе, неабходны пэўны час", - растлумачылі ў канцэрне. Дызельнае паліва класа "Арктыка", якое можна выкарыстоўваць пры тэмпературы мінус 32 градусы па Цэльсіі і вышэй, будзе пастаўляцца на запраўкі пазней, зыходзячы з умоў надвор'я.

У прэс-службе звярнулі ўвагу, што на некаторых АЗС захаваліся рэшткі паліва, якое не распрадалі ў мінулым годзе, аднак тэрмін яго рэалізацыі дазваляе ўжываць прадукт. Што тычыцца сезоннага паліва, якое знаходзіцца яшчэ ў продажы на запраўках і прызначана для выкарыстання ў цёплы час года, то яго можна ўжываць пры тэмпературы да мінус 5 градусаў па Цэльсіі без шкоды для аўтамабільнага рухавіка.

Акрамя таго, у канцэрне парэкамендавалі аўтовладальнікам пры змене летняга варыянту паліва цалкам яго выдаляць, паколькі пры змешванні рэшткі пагаршаюць паказчыкі фільтруемасці.

Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы (ААТ "Мазырскі НПЗ" і "Нафтан") з 15 кастрычніка перайшлі на вытворчасць зімовага дызельнага паліва сорта F, якое мае гранічную тэмпературу фільтруемасці не вышэй мінус 20 градусаў па Цэльсіі.

У Беларусі ў цяперашні час налічваецца 806 аўтазаправачных станцый, з іх 544 уваходзяць у сістэму канцэрна "Белнафтахім".