15 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Байдарка стане асноўным сродкам перамяшчэння для расійскіх і латвійскіх туроператараў падчас падарожжа па Віцебскай вобласці. Рэкламны тур для арганізатараў актыўнага адпачынку стартуе 16 жніўня, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама. Маршрут пройдзе праз тэрыторыі Віцебскага, Полацкага, Браслаўскага, Глыбоцкага раёнаў, а таксама праз гарады Віцебск, Полацк, Браслаў, Глыбокае. У праграме ёсць аглядныя аўтобусна-пешыя экскурсіі, але асноўнае месца займаюць сплавы на байдарках па азёрах і рэках Паазер'я. За чатыры дні падарожжа плаваць давядзецца тройчы. Акрамя таго, удзельнікі тура прымуць удзел у адкрыцці III Фестывалю сярэднявечнай культуры "Меч Брачыслава" у Браславе, для іх адбудзецца прэзентацыя водных турыстычных маршрутаў Глыбоцкага раёна, у тым ліку маршруту "Беларуская Венецыя" і байдарачнага паходу. Завершыцца падарожжа 19 жніўня коннай прагулкай. Такая насычаная праграма абумоўлена попытам на актыўны адпачынак, растлумачылі спецыялісты. Не сакрэт, што асноўную частку турыстаў, якія прыязджаюць у вобласць, складаюць людзі старэйшыя за 40 гадоў, для якіх цікавы так званы настаўніцкі турызм, а вось ніша моладзевага адпачынку застаецца свабоднай. Праграма гэтага тура разлічана менавіта на такую катэгорыю падарожнікаў. Ва ўпраўленні няма сумневаў, што новы маршрут будзе карыстацца попытам, дастаткова сказаць, што ўдзел у рэкламным туры не змаглі прыняць усе жадаючыя кампаніі. У першае падарожжа адправяцца 22 прадстаўнікі турыстычных агенцтваў з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Уладзіміра, Тулы, Смаленска, Даўгаўпілса.-0-

БЕЛТА