19 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Баланс Саюзнай дзяржавы па электраэнергіі на 2013 год будзе падпісаны ў бліжэйшыя дні. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі гендырэктар ДВА "Белэнерга" Аляксей Шырма, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах Аляксея Шырмы, індыкатыўны баланс па пастаўках электраэнергіі ўжо ўзгоднены на ўзроўні экспертаў. Аб'ёмы паставак адпавядаюць тым дамоўленасцям, якія былі на ўзроўні 2012 года.
"Што тычыцца канкрэтных кантрактаў на пастаўку, то ўвесь перамоўны працэс ужо завершаны. Цяпер вядзецца аналіз, каб прыняць канчатковае рашэнне", - сказаў гендырэктар "Белэнерга". Ён растлумачыў, што Беларусь закупляе дадатковыя аб'ёмы электраэнергіі толькі ў выпадку эканамічнай мэтазгоднасці. "Існуе пэўная працэдура. У бліжэйшыя дні яна будзе завершана", - адзначыў Аляксей Шырма.
У кастрычніку 2012 года міністр энергетыкі Беларусі Аляксандр Азярэц паведаміў, што рэспубліка ў 2013 годзе можа імпартаваць з Расіі 5 млрд. кВт.г электраэнергіі. З іх 3 млрд. кВт.г складуць гарантаваныя пастаўкі і 2 млрд. кВт.г - пры ўмове эканамічнай выгады. Таксама пралічваюцца магчымасці імпарту электраэнергіі з Украіны, адзначыў міністр. Акрамя таго, Аляксандр Азярэц адзначыў, што ў бягучым годзе Беларусь плануе імпартаваць 7 млрд. кВт.г электраэнергіі, з іх прыкладна 5 млрд. кВт.г - з Расіі.-0-
БЕЛТА
Баланс Саюзнай дзяржавы па электраэнергіі на 2013 год будзе падпісаны ў бліжэйшыя дні - "Белэнерга"
19.12.20120 праглядаў