20 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Банк даных аб гісторыка-культурных каштоўнасцях Віцебска будзе створаны ў абласным цэнтры. Яго фарміраванне прадугледжана праграмай захавання гісторыка-культурнай спадчыны горада Віцебска на 2012-2015 гады, якую сёння на чарговай сесіі зацвердзілі дэпутаты Віцебскага гарсавета, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Каментуючы прынятую праграму, начальнік аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама Наталля Шыенок падкрэсліла, што падобны дакумент прыняты ў горадзе ўпершыню. Галоўнай мэтай праграмы стане забеспячэнне максімальнай ступені аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія ўваходзяць у дзяржаўны спіс. Для гэтага вызначаны аб'екты, дзе неабходна правядзенне рамонтных і рэстаўрацыйных работ, будуць выяўляцца новыя матэрыяльныя аб'екты і нематэрыяльныя праявы творчасці чалавека, таксама запланавана правядзенне першаснай кансервацыі помнікаў архітэктуры, якія знаходзяцца ў незадавальняючым стане.
У абласным цэнтры 236 аб'ектаў маюць статус гісторыка-культурных каштоўнасцей. Па словах Наталлі Шыенок, некаторыя з іх патрабуюць прыняцця неадкладных мер па прывядзенні іх у парадак, прадухіленні далейшага разбурэння. Аддзел культуры гарвыканкама адзначае парушэнні заканадаўства пры размяшчэнні рэкламы на гісторыка-культурных аб'ектах. Толькі на 180 аб'ектах устаноўлены ахоўныя дошкі, прычым 123 дошкі былі ўстаноўлены за два апошнія гады.-0-
БЕЛТА
Банк даных аб гісторыка-культурных каштоўнасцях будзе створаны ў Віцебску
20.3.20120 праглядаў